Пинск /ПВ/ 28 красавіка праваслаўная царква адзначае памяць апосталаў ад сямідзесяці Арыстарха, Пуда і Трафіма. Яны былі вучнямі і паслядоўнікамі святога Паўла.
У народным календары свята мела назву Пудаў дзень, дзень святога Пуда, або дзень пчаляроў. Лічылі, што ўжо надышла пара даставаць пчол, якія на зімавалі ў цеплыні і сытасці, са свірнаў і клецяў,. Насякомых вельмі шанавалі і лічылі Божымі ўгоднікамі. Верылі, што яны кусаюць толькі грэшнікаў. Лічылі, што забіць пчалу – грэх на душу ўзяць, а ўкрасці калоду з пасекі – усё адно што ікону з царквы ўзяць.
Па паводзінах пчол вызначалі, якім будзе надвор’е. Калі яны ляталі каля вулляў – то яно сапсуецца. Калі ж насякомыя гучна гудзелі і падымаліся высока над пасекай – да дажджу, а калі кружыліся роем – да ветру. Калі пчолы скончылі працу позна – хутка будзе непагадзь, а калі рана – дні будуць яснымі і цёплымі. Каля насякомае лятала каля твару – да добрых вестак, села на руку – да грошай. Пчалу, якая трапіла ў дом, не выганялі, каб не пазбавіцца поспеху.
Прыкмецілі: калі на Пуда птушкі гуляюцца – надвор’е будзе цёплым і сонечным, крычыць жаба на балоце – настане непагадзь. Чырвоны ўсход сонца ў гэты дзень быў прадвеснікам моцных вятроў, а праліўны дождж – добрага ўраджаю грэчкі.
На свята звычайна распускаліся каліна, бяроза і рабіна, з іх рыхтавалі гаючыя настоі. Верылі, што рабіна валодае здольнасцю лячыць зубны боль. Для гэтага неабходна было падысці да дрэва і пагрызці яго, прыгаворваючы: “Рабіна, вылечы мне зубы, а калі не вылечыш – я цябе згрызу”, або “Рабіна, вазьмі мой боль, ад гэтага часу да веку не буду цябе есці”.
У дзень святога Пуда забаранялася сварыцца і адказваць у дапамозе. Стараліся не працаваць зранку да вечара, бо гэтым можна было наклікаць у дом хварабы і няшчасці. Каб цэлы год жыць у дастатку, не елі яйкі з-пад чорнай курыцы, не пазычалі грошай і не расказвалі пра свае планы. Абавязкова ў гэты дзень неабходна было памяняць бялізну, каб сямейныя адносіны сталі мацнейшымі.
Сны ў ноч на 28 красавіка лічылі прарочымі. Пералівы званоў папярэджвалі пра пажар, смяцінка ў воку – пра тайнага ворага, а немаўля, якое ўмее гаварыць, – пра магчымыя сямейныя тайны.
У гэты дзень жаніха і нявесту падводзілі да вулля. Верылі, калі пчолы іх не чапаюць, то яны пражывуць разам доўга і ў шчасці.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
