Праваслаўныя вернікі 21 ліпеня святкуюць дзень Казанскай іконы Прасвятой Багародзіцы. А па народным календары надыходзіць Пракоп-Жніўнік, а разам з ім і самая гарачая пара – жніво.
Лічылі, што менавіта з гэтага дня трэба пачынаць уборку жыта. Казалі: «Калі на Пракопа чарніцы паспяваюць, то паспела і жыта, і багаты ўраджай будзе».
Напярэдадні прыбіралі дом, засцілалі стол чыстым палатном, рыхтавалі святочны пачастунак. Гаспадар запрашаў усіх сваякоў, каб дамовіцца, як будуць збіраць ураджай, як адзін аднаму дапамогуць.
На другі дзень на досвітку старэйшыя жанчыны адпраўляліся ў поле і звярталіся да яго: «Добры дзень, ніўка, ядраное жыта!..» Першы сноп потым давалі гаспадару, ён павінен быў падкінуць яго ўверх. Лічылася, чым вышэй падкіне – тым багацейшы будзе ўраджай. Потым рабілі копы. Першыя каласкі раскладвалі на абрусе, каб паглядзець, ці добрае сёлета жыта ўрадзілася. Пасля гэтага ставілі ежу: хлеб, малако, яйкі, сала. Але спачатку аддавалі крыху ласункаў лясным звярам – каб яны не паелі зерне і не патапталі поле.
Пасля сумеснай трапезы жнеі прымаліся за працу і шчыравалі да самага вечара. Жанчыны ведалі: як нахілішся за першым коласам, трэба абавязкова сказаць: «Як былінка гнецца і не б’ецца, так бы ў мяне спінка гнулася, не ламалася і не стамлялася». Працавалі весела, дружна, з песнямі.
Старэйшыя жанчыны некалькіх родаў збіралі агульны вялікі сноп — сімвал багацця для ўсёй вёскі. Па снапку кожная гаспадыня брала і ў свой дом. Казалі: «Стань, мой сноп, на тысячу коп!» Увесь год ён стаяў у чырвоным куце пад абразамі. З яго ж пачыналі ўвосень малацьбу, а саломай кармілі хворую свойскую жывёлку. Збожжа першага снапа лічылася гаючым для людзей і птушак. А на наступную вясну пры сяўбе гаспадар браў зерне першага снапа і кідаў у зямлю.
Увечары кожная сям’я збіралася на святочную вячэру. На стале абавязкова была ежа, прынесеная з поля.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
