Аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі гарвыканкама арганізавана акцыя «Мой Пінск — любімы горад». Яна прысвечана гораду на Піне і прымеркавана да Дня горада, які адбудзецца 1 кастрычніка.
Акцыя дзейнічае з 5 да 24 верасня. Яна арганізавана для таго, каб паказаць адметныя месцы горада праз сродкі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; падтрымаць і развіць творчы патэнцыял майстроў Піншчыны; далучыць да мастацтва дзяцей і моладзь; пазнаёміць жыхароў горада з відамі выяўленчага мастацтва.
Удзельнікі акцыі (прафесійныя мастакі, мастакі-аматары, навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, мастацкіх студый, навучэнцы вышэйшых і сярэдніх вучэбных устаноў) павінны прадставіць работы па тэмах: «Стары і новы горад» і «Любімы куток».
Работы будуць ацэньвацца па наступных крытэрыях: раскрыццё тэмы; арыгінальнасць, вобразнасць і мастацкае ўвасабленне кампазіцыі; узровень майстэрства, мастацкі смак, тэхніка выканання; эстэтычная каштоўнасць.
Выстаўка размешчана ў фае гарадскога Дома культуры. Удзельнікі акцыі па-дзелены на тры групы, і работы мастакоў з розных груп прадстаўлены ў наступныя перыяды: 5 – 10 верасня — навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў, вышэйшых і сярэдніх вучэбных устаноў; 12 – 17 верасня — мастакі-аматары; 19 – 24 верасня — мастакі-прафесіяналы.
Вынікі аб’явяць падчас святкавання Дня горада. Лепшыя работы будуць выстаўлены ў Музеі Беларускага Палесся, удзельнікі акцыі атрымаюць граматы.
Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
Фота В. ІЛЬЯНКОВА