Фотарэпартаж са святкавання “Шчодрыкаў”

Культура

  Жыхары сучаснага горада менш сентыментальныя і больш дамаседы. Каб нагадаць, як трэба праводзіць «Шчодрыкі», пінская культура запрасіла ў госці вясковыя народныя фальклорна-этнаграфічныя калектывы і аматарскія аб’яднанні з Каменя, Мерчыц, Пінкавіч, Кашэвіч, Ахова, Парэчча. У кожнага свой мясцовы абрад, спевы, жарты, гульні, якія і былі прапанаваны гледачам у мінулую суботу, 13 студзеня.

  Прынята лічыць, што «Шчодрык» завяршае вясёлыя навагоднія і калядныя святы. Калісьці гэта і быў пачатак навалецця. Зараз сустракаем Новы год двойчы. Аднак мы не толькі не заўважаем каляндарнай непаразумеласці, але, як і раней, надаём гэтаму дню асаблівую значнасць. Загадзя імкнёмся зрабіць шмат добрых спраў, каб такім жа дабрадзейным стаў увесь будучы год. Даём грошы і пачастункі тым, хто прыходзіць з віншаваннем, жадаем лепшага знаёмым. «Шчодрык» — гэта і ёсць сапраўдная шчодрасць. Што там Дзед Мароз, які з’явіўся ў нас увогуле нядаўна, з яго падарункамі-цукеркамі, калі традыцыйныя беларускія «шчодрынскія» каза ды мядзведзь цэлага ўраджаю варты — дастатак на ўвесь год прыносяць.


  І вось прыкметная пярэстая кампанія з музыкамі і святочнымі персанажамі прайшлася па вуліцах і завярнула на сцэну каля галоўнай ёлкі, дзе адбыліся відовішчы, названыя на сучасны манер «Калядны батл». Дзіўная карціна, калі Дзед Мароз і Снягурка танчаць разам з каляднікамі. Гасцей падтрымалі ўдзельнікі народнага хору «Журавушка» гарадскога цэнтра культуры і творчасці і народнага хору палескай песні ГДК. Упершыню ў нас прайшла вось такая Шчодрая Куцця!







   Жыццёвы аптымізм зыходзіць ад гэтых звычаяў. Нашы продкі ўклалі ў іх бадзёры дух спадзявання на лепшае. Не выпадкова найвядомым калядным пажаданнем з’яўляецца ўскліканне: «Коб за год дождаты і зноў закалядаваты!» А напера-дзе святое Вадохрышча і масленічны ты-дзень.

  Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ
   Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *