У ПалесДУ прайшоў конкурс на лепшы эка-праект па азеляненні лесапарка

Общество

   Брэсцкая маладзёжная грамадская арганізацыя «Час зямлі» прапанавала гарадскім уладам акультурыць тэрыторыю лесапарка. У выніку для студэнтаў біятэхналагічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта быў арганізаваны конкурс на лепшы праект па азеляненні і добраўпарадкаванні тэрыторыі лесапарка «Эка-парк». Дарэчы, ён праводзіцца ў рамках святкавання 920-годдзя Пінска. Арганізатарамі і складальнікамі ўмоў, мэт і задач конкурсу выступілі гарвыканкам, БМГА «Час зямлі», Пінскі лясгас і кафедра ландшафтнага праектавання біятэхналагічнага факультэта Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта.

  У конкурсе, каб паспрабаваць свае сілы і прапанаваць сваё бачанне добраўпарадкавання горада, прынялі ўдзел пяць студэнтаў чацвёртага курса спецыяльнасці «садова-паркавае будаўніцтва».

  Мэтай правядзення конкурсу стали прыцягненне ўвагі студэнцкай моладзі да праблем добраўпарадкавання тэрыторыі лесапарка і аховы навакольнага асяроддзя, падрыхтоўка спецыялістаў-прыкладнікоў у галіне садова-паркавага будаўніцтва, папулярызацыя праектаў ландшафтнага дызайна, арыгінальных кампазіцыйных рашэнняў.

  Студэнты распрацавалі комплекс мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне рэкрэацыйнай зоны для жыхароў горада з захаваннем біяразнастайнасці лесапарка.

  Арганізатары паставілі перад канкурсантамі пэўныя задачы, якія на дадзены момант адпавядаюць жаданнямі пінчукоў. Напрыклад, патрэбна было распрацаваць аб’екты харчавання, зоны адпачынку, пляцоўкі для атракцыёнаў, экалагічную сцежку, спартыўную зону, парк мініяцюр і страчаных гістарычных славутасцяў горада, і пры гэтым мінімальна ўздзейнічаць на існуючую драўняную расліннасць.


Ю.Г.Бушык, М.У.Кавалеўская, І.Р.Крукоўскі і Ю.Р.Свіржэўская (злева направа)

  Каб прадставіць, сабе як усё гэта адбывалася, дастаткова ведаць, як праходзіць звычайная абарона курсавых ці дыпломных праектаў ва ўніверсітэце. Праекты ацэньвала кампетэнтнае журы, у складзе якога былі старшыня праўлення БМГА «Час зямлі» Р.І.Цярэнцьеў, намеснік старшыні гарвыканкама М.У.Кавалеўская, начальнік упраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама І.Р.Крукоўскі, намеснік начальніка ўпраўлення архітэктуры і горадабудаўніцтва гарвыканкама Ю.Р.Свіржэўская, намеснік начальніка, загадчык сектара ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама Ю.Г.Бушык, ляснічы Малоткавіцкага лясніцтва А.В.Талкавец, дацэнт кафедры ландшафтнага праектавання, кандыдат біялагічных навук Н.А.Чыгрын і старэйшы выкладчык кафедры ландшафтнага праектавання А.М.Ляўшук. Камісія ў першую чаргу звяртала ўвагу на тое, каб была захавана экасістэма парка, чаго многія праекты не зусім прытрымліваліся.


Генеральны план эка-парка К. Грыцкевіч

  У выніку трэцяе места падзялілі паміж сабой праекты Ганны Губскай (на галоўным фота) і Вольгі Якубчык, другое – Вялянціна Чарняк і Уладзімір Лазюк. Лепшым праектам стала работа Крысціны Грыцкевіч, якая заваявала ўвагу камісіі разнастайнымі ідэямі па арганізацыі і найбольшай эканамічнай даступнасці. Так, напрыклад, Крысціна прапанавала спілаваныя дрэвы выкарыстоўваць для будавання аб’ектаў лесапарка.

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
   Фота Ганны ВЯРЭНІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *