0.3 C
Пинск
Пятница, 2 января, 2026
Пiнскi Веснiк
Общество

Адзін дзень з жыцця, альбо Вандроўка на памежжа

  Цікава назіраць як працуюць людзі. У кожнага свая прафесія. Хтосьці лічыць, што яна найлепшая, а хтосьці наадварот. «Пінскі веснік» вырашыў запусціць праект «Адзін дзень з жыцця», які дазволіць нам і нашым чатачам акунуцца ў штодзённасць розных прафессій.

  Пачалі мы з Пінскага пагранатрада. А канкрэтней — з пагранічнага паста. А чаму б і не? Ці часта мы там бываем? Карацей кажучы, паехала я на пагранічны пост «Невель».

  З усімі выгодамі

  У прыгожым будыначку створаны ўсе ўмовы для жыцця пагранічнікаў: душ, кухня з усім абсталяваннем, спальны пакой. Усё, канешне, строга, па-ваеннаму. А вось яшчэ некалькі гадаў таму памежнікі жылі ў вагончыках.


 Старшы лейтэнант Яўген Ілюновіч

  Шлях парушальнікаў

  Дарэчы, раней дарога побач з пастом была адкрыта для праезду. І быў гэта транзітны шлях. За паваротам — тэрыторыя Украіны. І па гэтай дарозе ездзілі ў вёску Семіхавічы. Спыняцца тут забаронена. Але бывалі выпадкі, калі падчас руху ў адчыненыя дзверы закідвалі кантрабанду. Таму было прынята рашэнне транзітную дарогу закрыць.

  Заўсёды напагатове

  Азнаёміўшыся з самім пастом, шпацырую ў дзяжурку. На стале камп’ютары з камерамі назірання. А ці ёсць дзесьці ў лесе такія ж? Аказалася, няма. Але там шмат іншых прыстасаванняў для сочкі. Па-першае, у кожнага памежніка, які ідзе на агляд тэрыторыі, пры сабе заўжды ёсць датчыкі, з дапамогай якіх можна прасачыць яго месцазнаходжанне. Я сама бачыла на маніторы, як рухаецца кропачка-памежнік, хаця і не дакумекала, дзе ён. І тут узгадалася адна гісторыя, расказаная знаёмым пагранічнікам. Прычапілі яны такі датчык да сабакі. Той бегаў-кружляў, а ў дзяжурцы не маглі зразумець, што здарылася.


  Дзяжурны прапаршчык Ілля Кісель

  На «Невелі» паяснілі мне, што яшчэ ў зямлю закопваюць спецыяльныя прыстасаванні, і, калі поруч хтосьці ходзіць, яны падаюць сігналы пра гэта і да таго ж вызначаюць вагу аб’екта. Калі па кілаграмах мяркуецца, што гэта можа быць чалавек, то адразу адпраўляецца нарад, каб высветліць сітуацыю. У спецыяльным памяшканні захоўваецца зброя. Толькі ж мяне туды, зразумела, не пусцілі і, колькі там яе, не сказалі — стратэгічная тайна.

  Гаспадарчыя ўгоддзі

  Шпацыруючы па тэрыторыі пагранпаста, угледзела невялічкую цяплічку. Гэта ж трэба такое! Памежнікі самі садзяць агуркі і памідоры і даглядаюць іх. Такім чынам, на стале заўжды ёсць свежая гародніна.


 Старшы прапаршчык Дзмітрый Акрамаў шукае спелыя памідоры

  Алы Лёшка

  Мабыць, больш за ўсё чакала сустрэчы з сабакамі-памежнікамі. І вось яны: адна маша хвастом, радуючыся людзям, а побач грозны ахоўнік мяжы — Алы. У мяне яшчэ з маленства добрыя адносіны з сабакамі. Бацька неяк (а было тое за некалькі месяцаў да майго нараджэння) прынёс дадому сабаку. Не скажу дакладна, якой пароды, але ж вельмі падобная на нямецкую аўчарку. Жукам назвалі. І ўвогуле я расла ў акружэнні сабак ды катоў. Песціла іх заўжды на руках і атрымала ад бабулі мянушкі «сабачая маці», калі гулялася са шчанятамі, і «кацячая маці» — калі з кацянятамі. І вось я падыходжу да вальеры, а Алы на мяне брэша. Стала крыху страшна. Мы дачакаліся яго гаспадара. І што я бачу? Алы, які для сяброў проста Лёша, выбягае з вальеры і пачынае радавацца ўсім навокал.


Кінолаг прапаршчык Ігар Сувораў (справа), прапаршчык Аляксандр Лясюк і сабака Алы аглядаюць сляды.

  Узяць след

  Побач з мяжой знаходзіцца кантрольна-следавая паласа (КСП), на якой бачны сляды парушальнікаў. Часцей за ўсё такімі «парушальнікамі» з’яўляюцца мясцовыя жыхары лесу. Ступаць на КСП забараняецца нават самім памежнікам. Сляды, якія я бачыла, з’явіліся некалькі гадзін таму. Пагранічнікі ўмеюць «чытаць» сляды, вызначаць час, калі яны пакінуты.


 Старшы лейтэнант Ілля Шастак (злева) і старшы прапаршчык Генадзь Кісель нясуць варту на вышцы

  Прыгажосць з вышыні

  Але самае цікавае мяне чакала наперадзе — мы паехалі на назіральную вышку. Яна знаходзіцца за кантрольна-следавой паласой, а далей рака, пасярод якой праходзіць мяжа. Другі бераг — гэта ўжо Украіна. І вось я паднімаюся наверх. Вышка невысокая.

  Сказаць па праўдзе, больш за ўсё я баюся вышыні. Нават не зусім яе, а таго, што з яе можна ўпасці. Але ж не палезці на аглядальную пляцоўку не змагла: мне хацелася зрабіць здымак. Вось яна, журналісцкая натура! Нарэшце я аказалася ў закрытым «пакойчыку», стала не так страшна. І тут мне гавораць: «А цяпер праз дзверцы выходзьце вонкі». Адчыняю дзверцы… і ўсё. Сэрца трымціць, дыхаць цяжка. Добра, што рукі і ногі не дрыжаць. Прыйшлося хутка супакойвацца. Змагла падысці бліжэй да краю і нарэшце агледзецца. Якая прыгажосць! Усюды зелена і ціха.

  Гэта было цікавае падарожжа. Ветлівыя і дабразычлівыя,  адданыя сваёй службе пагранічнікі сустрэлі з ўсёй душой. Я даведалася, як ідзе служба на мяжы. Цяпер цалкам упэўнена, што пакой нашай краіны пад надзейнай аховай.

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
  Фота аўтара

Похожие новости

Дед Мороз лично поздравил молодых защитников границы

pv

Поздравление председателя Пинского районного исполнительного комитета Сергея Созончука с Новым годом

pv

«От всей души» поздравили постояльцев пансионата «Пина»

pv
ТГ канал