7.9 C
Пинск
Пятница, 29 марта, 2024
Пiнскi Веснiк
Общество

Адзін дзень з жыцця, альбо Вандроўка на памежжа

  Цікава назіраць як працуюць людзі. У кожнага свая прафесія. Хтосьці лічыць, што яна найлепшая, а хтосьці наадварот. «Пінскі веснік» вырашыў запусціць праект «Адзін дзень з жыцця», які дазволіць нам і нашым чатачам акунуцца ў штодзённасць розных прафессій.

  Пачалі мы з Пінскага пагранатрада. А канкрэтней – з пагранічнага паста. А чаму б і не? Ці часта мы там бываем? Карацей кажучы, паехала я на пагранічны пост «Невель».

  З усімі выгодамі

  У прыгожым будыначку створаны ўсе ўмовы для жыцця пагранічнікаў: душ, кухня з усім абсталяваннем, спальны пакой. Усё, канешне, строга, па-ваеннаму. А вось яшчэ некалькі гадаў таму памежнікі жылі ў вагончыках.


 Старшы лейтэнант Яўген Ілюновіч

  Шлях парушальнікаў

  Дарэчы, раней дарога побач з пастом была адкрыта для праезду. І быў гэта транзітны шлях. За паваротам — тэрыторыя Украіны. І па гэтай дарозе ездзілі ў вёску Семіхавічы. Спыняцца тут забаронена. Але бывалі выпадкі, калі падчас руху ў адчыненыя дзверы закідвалі кантрабанду. Таму было прынята рашэнне транзітную дарогу закрыць.

  Заўсёды напагатове

  Азнаёміўшыся з самім пастом, шпацырую ў дзяжурку. На стале камп’ютары з камерамі назірання. А ці ёсць дзесьці ў лесе такія ж? Аказалася, няма. Але там шмат іншых прыстасаванняў для сочкі. Па-першае, у кожнага памежніка, які ідзе на агляд тэрыторыі, пры сабе заўжды ёсць датчыкі, з дапамогай якіх можна прасачыць яго месцазнаходжанне. Я сама бачыла на маніторы, як рухаецца кропачка-памежнік, хаця і не дакумекала, дзе ён. І тут узгадалася адна гісторыя, расказаная знаёмым пагранічнікам. Прычапілі яны такі датчык да сабакі. Той бегаў-кружляў, а ў дзяжурцы не маглі зразумець, што здарылася.


  Дзяжурны прапаршчык Ілля Кісель

  На «Невелі» паяснілі мне, што яшчэ ў зямлю закопваюць спецыяльныя прыстасаванні, і, калі поруч хтосьці ходзіць, яны падаюць сігналы пра гэта і да таго ж вызначаюць вагу аб’екта. Калі па кілаграмах мяркуецца, што гэта можа быць чалавек, то адразу адпраўляецца нарад, каб высветліць сітуацыю. У спецыяльным памяшканні захоўваецца зброя. Толькі ж мяне туды, зразумела, не пусцілі і, колькі там яе, не сказалі – стратэгічная тайна.

  Гаспадарчыя ўгоддзі

  Шпацыруючы па тэрыторыі пагранпаста, угледзела невялічкую цяплічку. Гэта ж трэба такое! Памежнікі самі садзяць агуркі і памідоры і даглядаюць іх. Такім чынам, на стале заўжды ёсць свежая гародніна.


 Старшы прапаршчык Дзмітрый Акрамаў шукае спелыя памідоры

  Алы Лёшка

  Мабыць, больш за ўсё чакала сустрэчы з сабакамі-памежнікамі. І вось яны: адна маша хвастом, радуючыся людзям, а побач грозны ахоўнік мяжы – Алы. У мяне яшчэ з маленства добрыя адносіны з сабакамі. Бацька неяк (а было тое за некалькі месяцаў да майго нараджэння) прынёс дадому сабаку. Не скажу дакладна, якой пароды, але ж вельмі падобная на нямецкую аўчарку. Жукам назвалі. І ўвогуле я расла ў акружэнні сабак ды катоў. Песціла іх заўжды на руках і атрымала ад бабулі мянушкі «сабачая маці», калі гулялася са шчанятамі, і «кацячая маці» – калі з кацянятамі. І вось я падыходжу да вальеры, а Алы на мяне брэша. Стала крыху страшна. Мы дачакаліся яго гаспадара. І што я бачу? Алы, які для сяброў проста Лёша, выбягае з вальеры і пачынае радавацца ўсім навокал.


Кінолаг прапаршчык Ігар Сувораў (справа), прапаршчык Аляксандр Лясюк і сабака Алы аглядаюць сляды.

  Узяць след

  Побач з мяжой знаходзіцца кантрольна-следавая паласа (КСП), на якой бачны сляды парушальнікаў. Часцей за ўсё такімі «парушальнікамі» з’яўляюцца мясцовыя жыхары лесу. Ступаць на КСП забараняецца нават самім памежнікам. Сляды, якія я бачыла, з’явіліся некалькі гадзін таму. Пагранічнікі ўмеюць «чытаць» сляды, вызначаць час, калі яны пакінуты.


 Старшы лейтэнант Ілля Шастак (злева) і старшы прапаршчык Генадзь Кісель нясуць варту на вышцы

  Прыгажосць з вышыні

  Але самае цікавае мяне чакала наперадзе – мы паехалі на назіральную вышку. Яна знаходзіцца за кантрольна-следавой паласой, а далей рака, пасярод якой праходзіць мяжа. Другі бераг – гэта ўжо Украіна. І вось я паднімаюся наверх. Вышка невысокая.

  Сказаць па праўдзе, больш за ўсё я баюся вышыні. Нават не зусім яе, а таго, што з яе можна ўпасці. Але ж не палезці на аглядальную пляцоўку не змагла: мне хацелася зрабіць здымак. Вось яна, журналісцкая натура! Нарэшце я аказалася ў закрытым «пакойчыку», стала не так страшна. І тут мне гавораць: «А цяпер праз дзверцы выходзьце вонкі». Адчыняю дзверцы… і ўсё. Сэрца трымціць, дыхаць цяжка. Добра, што рукі і ногі не дрыжаць. Прыйшлося хутка супакойвацца. Змагла падысці бліжэй да краю і нарэшце агледзецца. Якая прыгажосць! Усюды зелена і ціха.

  Гэта было цікавае падарожжа. Ветлівыя і дабразычлівыя,  адданыя сваёй службе пагранічнікі сустрэлі з ўсёй душой. Я даведалася, як ідзе служба на мяжы. Цяпер цалкам упэўнена, што пакой нашай краіны пад надзейнай аховай.

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
  Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости

Урожай-2024 – В Плещицах сеют яровые

pv

Прошел конкурс профессионального мастерства “Лучший по профессии” среди социальных работников района

pv

Подписан план взаимодействия ДОСААФ и отдела по образованию райисполкома

pv
ТГ канал