15.6 C
Пинск
Четверг, 28 марта, 2024
Пiнскi Веснiк
Общество

21 лютага — Дзень роднай мовы

  «Беларуская мова — гэта прэстыжна і модна»,—упэўнена вучаніца гімназіі №3 Вікторыя Бальшун. У наступным месяцы яна прадставіць Пінск на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.

  На абласным этапе алімпіяды Вікторыя атрымала дыплом першай ступені. Дзяўчына не ўпершыню ўдзельнічае ў гэтым «спаборніцтве мовазнаўцаў»: у 2015-м годзе яна прывезла з вобласці дыплом трэцяй ступені.

  «У мінулы раз я паспрабавала свае сілы, пазнаёмілася з заданнямі і патрабаваннямі абласной алімпіяды і ў гэтым годзе ехала ўжо за перамогай. Увогуле мне лёгка даюцца мовы, а беларуская тым больш. Мне здаецца, што яна на падсвядомым узроўні закладзена ў кожным з нас. Проста некаторыя яшчэ гэтага ў сабе не заўважылі», — разважае Вікторыя.

  Дзяўчына расказала, што для перамогі на алімпіядзе патрэбна не толькі добра ведаць правілы правапісу, але і мець вобразнае мысленне, прыгожа гаварыць і добра фармуляваць свае думкі. Самае цяжкае заданне для яе — водгук, калі патрэбна расчытаць верш, адчуць і зразумець, што аўтар хацеў данесці сваім нашчадкам, разгледзець ў ім штосьці блізкае табе і стройна выкласці гэта на паперы. Каб навучыцца добра фармуляваць свае думкі , дзяўчына чытае беларусскіх классікаў — Мележа, Шамякіна, Караткевіча.

  Саветам, справамі і ўласным прыкладам ёй дапамагае рыхтавацца да рэспубліканскай алімпіяды настаўніца беларускай мовы і латаратуры Іна Сцяпанаўна Вакульчык.

  «Вікторыя — пчолка-працаўніца. Мы разам разбіраем розныя заданні ў класе, яна самастойна займаецца дома.  Калі трапляюцца такія зацікаўленыя, адданыя прадмету дзеці, задача настаўніка — разгледзець іх, не прапусціць і даць іх таленту раскрыцца», — упэўнена Іна Сцяпанаўна.

  У І.С. Вакульчык багаты вопыт па падрыхтоўцы вучняў да абласных і рэспубліканскіх алімпіяд па беларускай мове і літаратуры. У 2004 годзе яе вучаніца Яўгенія Гетманчук была пераможцай рэспубліканскай алімпіяды, Анастасія Садоўская тройчы ўзнімалася на п’едэстал пераможцаў — у 2009-м яна атрымала дыплом трэцяй ступені, у 2010-м — другой, а ў 2011-м — першай ступені. У мінулым годзе тры вучаніцы Іны Сцяпанаўны спрабавлі свае сілы ў абласной алімпіядзе: Вікторыя Бальшун і Дар’я Прылоўская вярнуліся з дыпломамі трэцяй ступені, а Інга Цярэшка атрымала дыплом першай ступені і прадстаўляла наш горад на рэспубліканскім этапе.

    «Дзецям зараз цяжка вывучаць беларускую мову. На жаль, для іх яна бывае цяжэйшая за замежную. Усё таму, што ў іх няма беларускамоўнага асяродку. Тых гадзін, што адводзяцца на вывучэнне беларускай мовы, не дастаткова, каб вучань авалодаў роднай мовай, адчуў яе. Але гэта не галоўная праблема.Важна, наколькі кожны з нас адчувае сябе беларусам. Я лічу, што не трэба кідаць лозунгі ў абарону роднай мовы, трэба проста ўзяць і загаварыць на ёй. Гэта будзе самы лепшы ўнёсак у развіцце беларускай мовы», — падзялілася думкамі Іна Сцяпанаўна.

 


“                                                                                                             Ганна ІЛЬЯШЭВІЧ

 

Оставить комментарий

Похожие новости

Урожай-2024 – В Плещицах сеют яровые

pv

Прошел конкурс профессионального мастерства “Лучший по профессии” среди социальных работников района

pv

Подписан план взаимодействия ДОСААФ и отдела по образованию райисполкома

pv
ТГ канал