17 красавіка – Радаўніца, дзень памінання спачылых

Общество

  Бясконцымі хвалямі віруе плынь жыцця. Здаецца, няма прыпынку між былым і наступным. Зыходзяць старыя, нараджаюцца дзеці… Усе, только кожны ў свой час, увой­дзем у прастору светлай памяці. Аднак мудрая светабудова не пустэльня. У ёй ёсць імёны, сведчанні падзей і ўчынкаў. Бо мы запрошаны да міласцівага Бога Усеўладнага і Творцы, чый Сын адкрыў простую ісціну: будзьце як дзеці, каб трапіць у Царства Нябеснае, людзьмі з чыстай душой. Да Яго прыходзім з адкрытым сэрцам, без страху.


   Як вучаць Начаткі Праваслаўя, фізічная смерць верніка не перапынае ягонай сувязі с Царквой. У «Новым Запавеце» дадзена сведчанне апостала і евангеліста Лукі: «Бог не ёсць Бог памерлых, але жывых; бо ў Яго ўсе жывыя». Таму перад намі не замагільная цемра, а месца, дзе маюць прытулак продкі. У рэшце рэшт скончыцца і наш зямны шлях, натомленае цела прыме новае жытло. Сапраўды, самай вялікай паніхідай з’яўляецца наша ўласнае жыццё.


   На дзявяты дзень Царква памінае нябожчыка ў знак дзевяці ангельскіх чыноў, слуг Нябеснага цара, якія хадайнічаюць аб памілаванні спачылага. У такі адлік ад Вялікадня, у аўторак Фомінага тыдню, адзначаецца Радаўніца, каб падзяліць радасць Пасхі з роднымі і блізкімі, памерлымі з надзеяй на ўваскрэшанне і вечны супакой. Наведаем пагосты, каб па­хрысціянскі, паважліва ўшанаваць памяць, адчуць адзіны з імі Святы дух. Гэта спалучэнне выяўляецца найперш у шчырай малітве за тых, хто атрымаў боскую ласку, уз’яднаўшыся з вечнасцю. Звычайна прыходзім усёй сям’ёй: вось мы, нашчадкі жывыя, стаім пад спадвечнымі нябёсамі. Гэта покліч вядзе нас пакланіцца долу. Мабыць, каб ведаць, што сцяжына і да тваёй магілы не збуцвее. Усе паяднаны ў сусвеце — тыя, хто жыў, хто ёсць, кто прыйдзе нам услед. Год ад года, век ад веку, да апошніх дзён.


   


   Ігнат ЗАХАРАЎ


   Фота Вячаслава ІЛЬЯНКОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *