Пинск /ПВ/ 22 мая праваслаўныя вернікі ўшаноўваюць памяць святога Мікалая Цудатворцы – аднаго з самых улюбёных і шанаваных угоднікаў на Беларусі.
У народным календары гэты дзень мае некалькі назваў: Мікола Веснавы, Мікола Цёплы ці Мікола Летні. Менавіта з гэтага часу вясна канчаткова ўступае ў свае правы.
Да Мікалая Цудатворцы ставіліся з асаблівай павагай. Яго лічылі «старэйшым» над усімі святымі і самым блізкім да Бога. Сяляне шчыра верылі: Мікола не толькі чуе іх малітвы, але і здольны абараняць ад бед, хаваць ад напасці. Таму да яго звярталіся з просьбамі зберагчы скаціну, паслаць добры ўраджай, уратаваць пасевы ад засухі ці лішняга дажджу.
У народзе казалі: «Да Міколы няма дабра ніколі». Людзі да гэтага дня не былі ўпэўнены, якое надвор’е ўсталюецца. А вось Мікола, паводле павер’яў, вырашае, якім быць лету цёплым і ўрадлівым.
Свята лічылася асаблівым для конюхаў. З Міколы Веснавога коней упершыню выпускалі на начныя выпасы.
З Міколы пачыналася сытая пара для ўсяго сельскагаспадарчага двара. Трава ішла ў рост буйна і сакавіта, гаспадары маглі не хвалявацца за карм для скаціны. Невыпадкова ў народзе замацавалася прымаўка: «Да Міколы мацуйся, а з Міколы жыві і не тужы».
Лічылі: каб здароўе не пакідала, варта было раніцай умыцца расой. Яна на Міколу набывала асаблівую жыватворную сілу.
Прыкмецілі: калі стаіць туман – будзе багаты ўраджай. Калі ноччу чуцен гром – чакай лагоднага надвор’я. Дажджлівая ці туманная раніца прадказвала добры ўраджай хлеба. Калі на Міколу рабіна ўбралася белым цветам – восень будзе кароткай і мяккай.
Мікола Веснавы адкрываў і купальны сезон. Верылі, што вада набывае гаючыя ўласцівасці – ёю ўмываліся самі і акраплялі жытло.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
