У народным календары гэты дзень быў мяжой паміж восенню і зімой. Яго называлі Пакрова, Трэцяя Прачыстая, Першае зазім’е ці Засідкі.
Лічылі, што ў гэты час зямля «пакрывалася» першым снегам або інеем, вада – лёдам, пчала – мёдам. Казалі: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду – лёдам, пчалу – мёдам». А яшчэ – «рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом». «Накрыць дзеўку чапцом» азначала выдаць яе замуж: пакрытая галава здаўна была прыкметай замужняй жанчыны.
Скончыць сельскагаспадарчыя работы
Стараліся скончыць усе сельскагаспадарчыя работы. Казалі: «Прыйшлі Пакровы, пытаюць, ці да зімы гатовы», «Хто сее на Пакровы, не будзе мець чаго даць карове».
Пасля 14 кастрычніка забаранялася чапаць зямлю. Лічылі, што зіма закрывае лета, а Бог – зямлю да вясны. Гэта правіла асабліва тычылася закладкі фундамента, будаўніцтва платоў. Казалі: «Не чапай зямлю ад Пакрова да Радаўніцы».
Час восеньскіх вяселляў
З 14 кастрычніка пачынаўся час восеньскіх вяселляў. Гэты перыяд меў назву «Вялікая вясельніца».
Дзяўчаты з самай раніцы ішлі ў царкву, ставілі свечкі і прасілі ў Багародзіцы добрага жаніха. Яны шапталі: «Пакроў пакрыў зямлю снегам, раку лёдам, рыбу луской, а мяне фатой пакрой». Існавала павер’е, што шлюб, заключаны на Пакровы, будзе асабліва моцным і шчаслівым. Калі ж вяселле абмінала хату, казалі: «Праходзіць Пакрова – раве дзеўка, бы карова». А незамужнім дзяўчатам у гэты дзень нельга было адмаўляць сватам – інакш яны яшчэ тры гады не выйдуць замуж.
Абрад «Запякаць вуглы»
Да Пакроваў абавязкова ўцяплялі дом. На само свята існаваў абрад «Запякаць вуглы»: у печы прапальвалі галінкамі яблыні, каб у хаце было цёпла да вясны. Таксама было прынята пячы бліны – каб сям’я ўдала перазімавала.
Прыкметы
Прыкмецілі: калі да Пакроваў снег не пакрые зямлю – то і на Каляды яго не будзе. Калі ад 14 кастрычніка да свята Усіх Святых краты точаць зямлю – зіма будзе снежнай і марознай.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
