19 августа, Пинск /ПВ/ 19 жніўня адзначаюць Яблычны Спас, які таксама мае назвы другі Спас, Вялікі Спас ці Іспас. У хрысціян гэта свята Праабражэння Гасподняга, аднак у народным календары яно набыло свае асаблівыя рысы.
У Грэцыі і Ізраілі, адкуль пайшла традыцыя, у гэты дзень асвячалі вінаград. А на беларускай зямлі замянілі яго на яблыкі. Сяляне строга прытрымліваліся правіла: да другога Спасу нельга есці яблыкі з новага ўраджаю. Гэтая забарона мела і гаспадарчае абгрунтаванне – да канца садавіна была яшчэ няспелай. У народзе казалі: «На другі Спас і старац яблык паспытае».
Існавала павер’е: калі жанчына, у якой памерла дзіця, паспрабуе яблык да Спасу, то яе дзіця на тым свеце не атрымае райскага яблычка.
Раніцай 19 жніўня гаспадары збіралі ў кошык самую лепшую садавіну і неслі іх у царкву асвячаць. Пасля набажэнства імі частавалі родзічаў, суседзяў, нават падарожных. Лічылася, што асвячоны яблык валодае асаблівай сілай. Казалі: “Хто на Спаса не еў яблык, той не ведае смаку раю”. Абавязкова пакідалі дары саду і на могілках – каб ушанаваць памяць продкаў.
На свята шырока наладжваліся кірмашы, дзе прадавалі агародніну новага ўраджаю, мёд і печыва са свежай мукі. І, канечне, запрашалі гасцей. Лічылася што, Яблычны Спас трэба дзяліць з блізкімі.
Прыкмецілі: якое надвор’е на гэты дзень – такая будзе і восень. Калі сонейка – яна будзе доўгай і цёплай, а калі непагадзь – чакай дажджлівай пары. Светлы і гарачы дзень на Спаса, вецер з паўночнага боку – зіма будзе марозная і снежная. Калі пагодліва, вецер з поўдня – будзе лёгкая зіма, а калі дажджліва – да снежнага студзеня. Калі яблыкі на Спаса асыпаюцца багата – будзе добры ўраджай збожжавых на наступны год. Спасаўскія ночы халодныя – восень будзе ранняй, а зіма снежнай.
Падрыхтавала Алена Брыч
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
