30 марта, Пинск /ПВ/ Праваслаўныя вернікі шануюць памяць вялебнага Алексія. Па паданні ён быў сынам забяспечаных бацькоў, але адмовіўся ажаніцца з прыгожай і багатай дзяўчынай і 17 гадоў жыў у жабрацтве, пакуль Божая Маці не паказала на яго, як на чалавека, які годны Царства Нябеснага. Слава пра яго ляцела па ўсёй краіне, і ён пакінуў царкву, у якой служыў, каб вярнуцца ў дом бацькоў, дзе яго ніхто не пазнаў. Толькі перад смерцю святы адкрыў пра сябе ўсю праўду.
Аляксей Цёплы лічыўся апекуном рыбаловаў. Каб заўсёды мець поспех у лоўлі рыбы, трэба было 30 сакавіка сплесці чароўную сетку – абыдзённік. Казалі : “На Аляксея лёд такі слабкі, што яго і рыба хвастом разаб’е; Аляксей сеці садзіць, лодкі смаліць, рыбу коліць”.
Рыбакі пачыналі рыхтаваць снасці, плялі сеткі. Існавала нават павер’е, што ў сеткі, сплеценыя у гэты дзень, будзе лавіцца шмат рыбы.
З Аляксея канчаткова пераходзілі на летні транспарт: «Саначкi – на плот, а рыба – аб лёд».
У гэты дзень таксама існавалі пэўныя забароны на гаспадарчую працу, таму сяляне адпачывалі. Забыцца на строгія правілы маглі толькі аматары рыбнага лову. Верылі, каб заручыцца дапамогай святога Аляксея на паспяховую рыбалку, неабходна было самому зрабіць снастку. Часцей за ўсё выкарыстоўвалі звычайную вуду з арэхавага прута. Лічылі, што арэшнік – благаслаўлёнае Богам дрэва, яно павінна прынесці ўдачу. У Дзень рыбалова неабходна было абавязкова злавіць хаця б маленькую рыбіну і з’есці яе жывой. Адно з галоўных правілаў рыбакоў – нікому не гаварыць пра свой паход да ракі. Лічылі, што маўчанне неабходна, каб не будзіць ліха. Калі на шляху даводзілася сустрэць жанчыну, можна было вяртацца назад, бо добрага ўлову ўжо не чакалі. А вось кот прадказваў удачу.
На Аляксея Цёплага пілі святочнае пітво – мядова-бярозавы адвар. Лічылі, што на Ляксея і вол павінен з лужы напіцца. Гаспадыні пяклі прысмакі акруглай формы, якія сімвалізавалі сонца.
Казалі: «На Цёплага Аляксея рыба ідзе на нераст, карова на верас, а бортнік на хвою».
Заўважылі: калі 30 сакавіка ішоў дождж або снег, то лета будзе ўраджайнае, калі надвор’е добрае – летам будзе спякотна і мала грыбоў. Неба на досвітку ў кругах прадказвала багаты ўраджай.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
