На мінулым тыдні Беларусь упершыню адзначыла Дзень народнага адзінства. Святочны канцэрт адбыўся і ў Пінску.
Больш за восем дзясяткаў гадоў таму ў нас з’явілася магчымасць пабудаваць моцную дзяржаву на сваёй гістарычнай зямлі і звацца беларусамі. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства тэрыторыі краіны і народа дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнародным супольніцтве, стаць адным з сузаснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
З віншаваннямі да гледачоў звярнуліся старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Л.А.Лемяшэўскі, намеснік старшыні гарвыканкама Г.І.Палікоўскі, першы сакратар гарадскога камітэта ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Вольга Дземчук. Падчас мерапрыемства Генадзь Ігнатавіч запрасіў на сцэну Наталлю Сцяпанаўну Палюховіч, мнагадзетную маці, якая выхоўвае пяцёра дзяцей. Ён з задавальненнем уручыў ёй ордэн Маці. Намеснік старшыні гарвыканкама адзначыў, что ў Пінску да 1 верасня сёлетняга года атрымалі дапамогу 2150 сем’яў, у якіх выхоўваецца 4,3 тыс. дзяцей. У суверэннай Беларусі кожны грамадзянін можа разлічваць на пенсію, кожная маці – на фінансавую падтрымку пры нараджэнні дзяцей, кожнае дзіця – на бясплатную адукацыю.
Канцэртная праграма не пакінула нікога абыякавым. Яна была насычана яркімі танцавальнымі нумарамі, песнямі, поўнымі любові да Радзімы. Мерапрыемства стала памятнай падзеяй у жыцці пінчан.
Сучасная, незалежная Беларусь упэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця. Галоўнае, што ад кожнага з нас патрабуецца, – гэта чалавечая годнасць, уменне суперажываць, а таксама пачуццё асабістай адказнасці за сваю працу, свой лёс, сваю краіну. Сіла Беларусі ў адзінстве народа.
Алена ДАБРАВОЛЬСКАЯ.
Фота аўтара.