4 C
Пинск
Пятница, 19 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Год малой родины

Вандроўка на свята Балотняй гаспадыні

  Палескі край – балотны край. Нашы мясціны са сваёй самабытнай прыгажосцю і таямнічасцю прыцягваюць да сябе ўвагу. Сучасныя журналісты кожны год наведваюцца сюды, каб распавесці пра жыццё людзей на балоце. Летась «Пінскі веснік» у 86 нумары знаёміў чытачоў з тым, як праходзіць тут збор ураджаю ягады журавіны. Цікавасць да рэгіёна праяўляюць таксама замежныя эколагі і краяведы, бо менавіта на Століншчыне знаходзяцца лёгкія Еўропы – Альманскія балоты.

  Сёлета мы зноў наведаліся ў вёску. А прычына была значная: з нядаўняўга часу ў Альманах з’явілася новая традыцыя – адзначаць свята журавін. «Журавіна» збірае дзясяткі, а зараз ужо і сотні гасцей, пераважная большасць з якіх не мясцовыя жыхары.


  Праграма традыцыйна пачынаецца з тэатралізаванага шэсця Балотнай Гаспадыні, Караля і Каралевы балот, Альмана і Альманкі, «Журавіны», якія крочаць разам з дзяўчынкамі-журавінкамі. Тут жа насельнікі балот і збіральнікі журавін.



  “Журавіны”

  Свой адлік свята бярэ з 2011 года. Мясцовая жыхарка Ніна Лісавец, якая працуе намеснікам дырэктара ДУК «Столінская раённая клубная сістэма», выказала ідэю, якая прыйшлася даспадобы ўсім: і альманцам, і гасцям. Святочныя дзеі разгортваліся раз у два гады. Сёлета фестываль набыў статус міжнароднага.


  Становяцца традыцыйнымі конкурсы фотаработ «Жыццё на Альманскіх балотах», дзіцячых малюнкаў «Падарожжа за журавінамі» і конкурс «Лепшы касцюм Балотнага царства». Здавалася б, што можна прыдумаць пра тое балота? Але на гэтым свяце высвятляецца, што балота не проста вада па калена, дрыгва ды мох. Гэта насамрэч вялікая экасістэма з безліччу насельнікаў, шматлікія з якіх занесены ў Чырвоную кнігу, таму што нідзе, акрамя як у дрыгве, не водзяцца.


  Удзельніца конкурсу касцюмаў з Украіны


  Дёрзкая Журавінка


  Журавінкавы ежык


  Спадарыня Журавінка

  Тутэйшыя старажылы ўспамінаюць сваю маладосць, праведзенную на балотах. Ёсць у нас адно месца па дарозе ў Роздзімле, больш за дзесяць кіламетраў ад Альман, і больш за шэсць з якіх толькі па адным балоце прыйдзецца прайсці. Дзядзька распавёў, што некалі на гэтым месцы жыў мужык, які па-мясцоваму зваўся Пепко. Была ў яго добрая хата. Не здзіўляйцеся, што жыў пасярод балота. Многія тады так жылі. Дык вось, кажуць, збіраў князь усіх у вёску, а Пепко не захацеў. Тады загадаў князь спаліць тую хату, каб Пепко, нарэшце, перабраўся да людзей у вёску. Наказаў нават нікому не даваць мужыку будаўнічага матэрыялу. Але гэта не спрацавала. Пепко назбіраў па лесе дошак ды сухастою і пабудаваў сабе будачку, дзе і жыў. Ад будачкі зараз і следу не засталося, але ўсе мясцовыя ведаюць, дзе яна была, і месца тое так і завуць – Пепкава буда.

  На свята завіталі творчыя калектывы не толькі са Століншчыны, але з Піншчыны, і нават з суседніх краін – Украіны і Польшчы. З самай раніцы гучала музыка па ўсёй вёсцы і запрашала на свята. А пазней пачаліся сцэнічныя танцы і народныя пляскі, ногі самі ішлі ў пляс.


  У выставачных палатках можна было пачаставацца стравамі, вядома ж – з журавінамі. Толькі адных морсаў было некалькі назваў! І без журавінавай настойкі не абышлося. Тут жа гаспадынькі распавядалі, як усё гэта прыгатаваць. Канешне, набывалі госці і каралеву балот – журавіну. І перш чым прадаць ягады, мясцовы паляшук тут жа чысціў іх на дошцы. Дарэчы, зараз ужо мала хто чысціць журавіны перад тым, як прадаць іх нарыхтоўшчыкам. Апошнія ўпрасцілі збіральнікам жыццё – закупляюць ягады якраз каля выходу з балота з імхом і нават шышачкамі – што трапіла пад руку збіральніка, тое і ідзе ў «запол».


  Вось так чысцяць журавіну

  Не абышлося і без выстаў-продажаў вырабаў майстроў. Самаробныя беларускія лялькі, уласнаручна вышываныя ручнікі, ганчарныя збаночкі. Наведаўся сюды і ганчар з Гарадной са сваім колам і правёў майстар-клас. Госці з цэнтра турызму і краязнаўства распалілі вогнішча, на якім гатавалі гарачыя турыстычныя стравы. Кожны мог тут пагрэцца і выпіць гарачай гарбаты з кацялка.

  Да «Журавіны» ў Альманах пачынаюць рыхтавацца ўжо з пачатку восені. Бо для мясцовых жыхароў гэта сапраўднае свята сустрэч і весялосці, калі з’язджаецца амаль уся радня.


  Вось дачка з сям’ей прыехала да маці

  Дарэчы, сезон збору журавін корміць шматлікіх жадаючых увесь наступны год – да пачатку збору чарніц. За карыснай ягадай ідуць усе – ад малога да вялікага. Старыя кажуць, што на балоце лепш дыхаецца, і паветра тут з’яўляецца лекам. А што, можа і праўда?

  Але ж свята – гэта не кульмінацыя сезона збору журавін. Па ягаду будуць хадзіць, аж пакуль снег не выпадзе. А калі ён растае, то зноў пойдуць. Бо такія вось яны, людзі на балоце.



  Традыцыйнае частаванне караваем і журавінавым морсам

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ

   Фота аўтара

Оставить комментарий

Похожие новости

В глубине Ольманских болот на границе с Украиной открыли новую погранзаставу

pv

Октябрь 2020 года в Беларуси был самым теплым за последние 75 лет

pv

Сентябрь закончился, а осень не спешит

pv
ТГ канал