4 C
Пинск
Суббота, 20 апреля, 2024
Пiнскi Веснiк
Год исторической памяти

Каб часцей гучала родная мова

…САКАВІТАЯ, МІЛАГУЧНАЯ, ВЫРАЗНАЯ, ЯСКРАВАЯ.

З настаўнікам беларускай мовы і літаратуры гімназіі № 3 імя В.З.Каржа Святланай ВАРАБЕЙ (на здымку) я сустрэлася не выпадкова – як вядома, 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы.

– Мова – частка чалавечай культуры, гістарычнай спадчыны, бо менавіта дзякуючы ёй працягваюць жыць традыцыі. Яна абуджае цікавасць да пазнання свету, садзейнічае праяўленню павагі да нашага мінулага, аб’ядноўвае людзей незалежна ад часу і месца іх пражывання, – упэўнена педагог.

На памяць – флаер з ветлівым зваротам

Ужо традыцыйна ў лютаўскія дні ў гімназіі праводзіцца Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Сёлета ён адкрыецца менавіта 21-га.

– А пачнецца ўсё раніцай з акцыі «Вітаемся пабеларуску» – дзяўчаты ў нацыянальных строях будуць сустракаць усіх, хто прыйдзе ў нашу ўстанову адукацыі, раздаваць флаеры з беларускімі ветлівымі зваротамі і пажаданнямі, – дзеліцца сакрэтамі субяседніца. – На гэты ж дзень запланаваны флаерфэст «У любімай мове, роднай, наскай. Ах, якія словы…». Дарэчы, дзеці ўжо рыхтуюць да яго флаеры са сваімі любімымі беларускімі словамі. Сапраўдная барацьба, упэўнена, разгарнецца ў час інтэлектуальных гульняў у паралелях. На перапынках навучэнцы змогуць стаць удзельнікамі разнастайных конкурсаў, напрыклад, «Словы з бабулінага куфэрка», і паспрабуюць перакласці словы з беларускай мовы на рускую.

На працягу Тыдня навучэнцаў чакаюць цікавыя мерапрыемствы: гульня-падарожжа «Ці ведаеш ты сваю мову?»; квэст-гульня «Беларуская скарбонка»; конкурс чытальнікаў «Памяць, якая застыла ў рыфмах», прысвечаны Году гістарычнай памяці, і шмат іншых. Дзевяцікласнікі змогуць зазірнуць у гасцёўню, каб пазнаёміцца з Масленічнымі абрадамі; маленькія гімназісты – наведаць этнаграфічны куток; вучні пятых, шостых, восьмых класаў – праверыць свае веды ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры.

– Мерапрыемствы Тыдня прасякнуты клопатам аб тым, каб выхаваць у нашых вучнях беражлівыя адносіны да роднай мовы, гісторыі і культуры беларускага народа, – заўважае Святлана Уладзіміраўна.

Пра любоў, што кранула сэрца

Па словах маёй субяседніцы, яна з дзяцінства марыла стаць педагогам, вось толькі выкладаць збіралася матэматыку – надта падабалася гэтая навука. Скончыла беларускамоўную базавую школу ў родных Рылавічах, што на Іванаўшчыне. У рускамоўнай Юхнавіцкай школе атрымала агульную сярэднюю адукацыю, там і прыйшло разуменне: надта не хапае ёй гучання роднай мовы, сапраўдная любоў да якой кранула сэрца. Яна паступіла на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф.Скарыны, дзе набыла спецыяльнасць «Беларуская і руская мова і літаратура».

Сёлета ў Святланы Уладзіміраўны своеасаблівы юбілей – роўна трыццаць год таму пачала яна выкладаць беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 13, якая ў 1996 годзе, як вядома, была рэарганізавана ў гімназію № 3.

Тры дзясяткі гадоў – тэрмін немалы. Цікаўлюся: сучасныя дзеці надта адрозніваюцца ад тых, з якімі яна пачынала пісаць сваю працоўную біяграфію? Адрозніваюцца: раней у дзяцей не было інтэрнэта, мабыць, таму яны больш чыталі, у тым ліку і пабеларуску. Цяпер з дапамогай таго ж інтэрнэта многія імкнуцца паглыбіць свае веды, але большасць, на жаль, – знайсці новую «стралялку» ці пагутарыць у сацыяльных сетках. Увогуле ж дзеці, як і раней, розныя: спакойныя і нястрыманыя, выхаваныя і не вельмі, але, як правіла, з чыстай душой, даверлівыя, крыху наіўныя. І ад педагога залежыць многае: не толькі з якім багажом ведаў за плячыма, але і якімі людзьмі яны выйдуць са школы.

Не сакрэт, вялікую ролю ў выхаванні асобы іграе літаратура, у тым ліку і родная. Важна толькі, каб творы і школьнай праграмы, і пазакласнага чытання краналі душы дзяцей. Па словах Святланы Уладзіміраўны, асабліва падабаюцца вучням апавяданні Віктара Карамазава «Дзяльба кабанчыка» і Змітрака Бядулі «На Каляды к сыну», казка Алены Масла «Таямніца закінутай хаты». Творы розныя, але ў кожным з іх аўтар запрашае чытача задумацца пра вечныя каштоўнасці, паразважаць пра шчасце, вернасць. Яны вучаць дзяцей рабіць добрыя ўчынкі, з павагай адносіцца да сваіх бацькоў – любіць і шанаваць іх. А яшчэ, як падкрэслівае педагог, абуджаюць цікавасць да айчыннай літаратуры, пашыраюць слоўнікавы запас вучняў, даюць магчымасць адчуць, наколькі багатая і прыгожая, мілагучная і самабытная беларуская мова.

Ёй асабіста, гаворыць, блізкая ваенная проза Васіля Быкава, героі якога трапляюць у экстрэмальную сітуацыю і вымушаны рабіць няпросты выбар паміж гонарам і ганьбаю, паміж жыццём і смерцю. Вельмі любіць паэзію. Упэўнена, нікога не пакінуць раўнадушнымі творы Рыгора Барадуліна, Яўгеніі Янішчыц. Памятаеце: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не госцем, каб душою не ачарсцвець, каб не страціць святое штосьці» альбо «Пачынаецца ўсё з любві – першы поспех і першыя крокі…»

Ці трэба здзіўляцца, што дзве навучэнкі Святланы Уладзіміраўны – Марына Завадская і Анастасія Жаўнерык – перамаглі на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры. А Елізавета Угляніца і Ксенія Міленчук, якіх яна рыхтавала ў супрацоўніцтве з калегай Інай Сцяпанаўнай Вакульчык, у Рэспубліканскім конкурсе даследчых работ атрымалі дыпломы трэцяй ступені. За асаблівы ўклад у развіццё здольнасцей адораных вучняў педагог была ўзнагароджана трэцяй прэміяй са спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, за сваю працу яна мае шмат узнагарод, у тым ліку і грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Але, прызнаецца, асаблівай радасцю сэрца напаўняецца, калі па яе слядах ідуць былыя вучні – атрымліваюць вышэйшую адукацыю і пачынаюць выкладаць у гарадскіх і вясковых школах беларускую мову і літаратуру. Значыць, нездарма працуе, значыць, абудзіла ў іх сэрцах любоў да роднай мовы. Сакавітай, мілагучнай, выразнай, яскравай…

Наталля КІРКАВЕЦ.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

Похожие новости

Клуб «Полесский солдат»: сохранение памяти о событиях прошлого

pv

В средней школе № 18 прошла городская ученическая конференция о партизанском движении на Пинщине

pv

В Пинске появилась «Цифровая звезда»

pv
ТГ канал