13.9 C
Пинск
Четверг, 2 мая, 2024
Пiнскi Веснiк
Культура

«Мотальскія прысмакі» запрашаюць!

«Пазайздросціць і БігМак смаку Мотальскіх прысмак»

  Такі дэвіз пераняло з мінулых гадоў вядомае далёка за межамі Беларусі міжнароднае свята «Мотальскія прысмакі». Яно і сапраўды так: ну што такое хот-догі альбо гамбургеры супраць мотальскай натуральнай паляндвіцы, смажаніны ды смажанцаў… Ніякага параўнання! У аснове мотальскіх смакоццяў – спаконвечныя народныя традыцыі прыгатавання страў.

  Фестываль гэты не патрабуе рэкламы – дастаткова назваць дату, і народ з усіх куткоў краіны і бліжняга (дый дальняга таксама) замежжа з’едзецца-збяжыцца ў мястэчка, каб наталіцца сапраўдным, стагоддзямі адточаным, хараством. Вось і сёлета 8 жніўня «Мотальскія прысмакі» прыемна здзівяць гасцей новымі, дагэтуль не практыкаванымі, сюрпрызамі, акрамя традыцыйных элементаў, якія ўключаюць у сябе гандлёвыя пляцоўкі, мядовую ды гароднінную «паляны», дзе ўсіх чакаюць экалагічна чыстыя і смачна прыгатаваныя прадукты, сырныя шэрагі, мноства мясных, рыбных, хлебабулачных, салодкіх вырабаў, бульбы, гародніны, садавіны – чаго тут толькі не будзе!.. 

  У ліку навінак – выстава-прэзентацыя раённых аграсядзіб, якім сапраўды ёсць чым пахваліцца (кожная – са сваім каларытам), горадам майстроў, блінцы «з пылу з жару», «Хата сала», дзе сала будзе сапраўды на любы густ, дэфіле-карнавал кулінарных смакоццяў, стэнды, на якіх увасоблена ўся гісторыя фэсту і яго перадгісторыя, карцінная галерэя вядомага беларускага мастака з Моталя Янкі Рамановіча, дзіцячыя гульнявыя пляцоўкі, вулічнае фотаатэлье, мастакі-партрэтысты… А яшчэ з’едуцца на свята больш за сто рамеснікаў з усяго свету, местачкоўцы, мастацкія калектывы ды спевакі з сумежных краін… Выдатнейшы маладзёжна-сямейны конкурс «Уладар сяла» таксама ўпрыгожыць велічную і па-сапраўднаму народную дзею.

Пачатак шматлюднага гуляння – у 12.00 8 жніўня.

  Наведаўшы свята «Мотальскія прысмакі», вы бліжэй пазнаёміцеся з унікальнымі традыцыямі самабытнага Мотальскага краю.

  Арганізатары мерапрыемства: Іванаўскі раённы выканаўчы камітэт, Мотальскі сельскі выканаўчы камітэт, — абяцаюць гасцям непаўторныя ўражанні і мноства радасных уцех, якія не забудуцца ні да наступнага фестывалю, ні ўвогуле ніколі ў жыцці. Прыязджайце! Не пашкадуеце.

Па даручэнні аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні фестываля

Анатоль КРЭЙДЗІЧ

Оставить комментарий

Похожие новости

Танцевальный коллектив «Стрекоза» отметил свое десятилетие ярким творческим концертом

pv

С 27 апреля по 3 мая в учреждениях культуры Пинского района пройдут культурные события

pv

Пинск: волшебство искусства в сердце истории

pv
ТГ канал