-0.8 C
Пинск
Воскресенье, 22 декабря, 2024
Пiнскi Веснiк
Общество

Жужнейце, пчолкі, лавіся, рыбка!

Беларуская навука сёлета ўзбагацілася некалькімі выданнямі серыі «Традыцыйны лад жыцця», якія выйшлі з друку ў РУП «Выдавецкі дом «Беларуская навука»: «Жужнела пчолка, жужнела…», другое сваёй назвай нагадвае казку, у якой падмануты лісой воўк, спусціўшы хвост у палонку, як заклінанне, паўтарае: «Лавіся, рыбка, вялікая і малая». Убачыць гэтыя кнігі пашчасціла ў чытальнай зале філіяла № 3 Пінскай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.


Новенькія, зіхацелі яны сваімі багата ілюстраванымі вокладкамі і прыцягвалі ўвагу прозвішчамі аўтараў. На кожнай кніжцы іх два, і… яны аднолькавыя. Толькі ініцыяламі адрозніваліся – А.М. і Я.А. Ненадавец. Сумнявацца не давялося: гэта ж вядомыя на Піншчыне навукоўцы, бацька і сын. Старэйшы, Аляксей Міхайлавіч, – літаратура- і краязнавец, фалькларыст, доктар філалагічных навук, прафесар. Ну а Ягор Аляксеевіч – малодшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Гэта не першае іх суаўтарства. Бібліятэкі Піншчыны апошнім часам год за годам папаўняюцца кнігамі Ненадаўцоў. У Аляксея Міхайлавіча больш за 10 асобных выданняў і шмат навуковых і навукова-папулярных артыкулаў і публікацый. Ягор стаў суаўтарам бацькавых манаграфій. Абодва і па сёння не пакідаюць увагі да роднай вёскі Чухава, што на Піншчыне. З друку выйшлі такія іх кнігі, як «Чухава. Фальклорна-этнаграфічны нарыс», «Нашы спеўныя землякі», «Спеўная вёска Чухава». Гэта споведзі пра землякоў, іх лад жыцця, культуру. Пададзены яны ў першую чаргу як эсэ і нарысы, даследаванні пра Бацькаўшчыну, міні-мемуары ўрэшце рэшт. Іх «Бацькоўская хата» – прыклад таму, як зберагаць сям`ю, як шанаваць кожны пражыты ў ёй дзень.


І вось чарговыя сказы Ненадаўцоў – пра пчолку і рыбу. Анатацыі даволі суха паведамляюць аб зместах выданняў – якім тэмам прысвячаюцца, на чым акцэнтуецца ўвага, якія матэрыялы выкарыстоўваліся пры падрыхтоўцы тэкстаў. Менавіта гэта спачатку і стварыла ўражанне, што адрасуюцца кнігі перш за ўсё аграномам, рыбаводам, аматарам пчалярства і рыбнай лоўлі. Але аўтары ў той жа час заклікаюць прачытаць кнігі і студэнтаў, і школьнікаў, усіх, хто цікавіцца таямніцамі духоўнай і матэрыяльнай спадчыны беларускага народа і бачыць у мінулым найбагацейшую скарбонку духоўных і матэрыяльных каштоўнасцей беларусаў. І, трэба сказаць, такіх таямніц і каштоўнасцей у традыцыйным ладзе жыцця палешукоў шмат. Данесці іх да ўсіх, каму трапяць у рукі гэтыя змястоўныя і цікавыя выданні, і імкнуцца этнографы, фалькларысты і гісторыкі, міфолагі і літаратары Ненадаўцы.


Кнігу «Лавіся, рыбка, вялікая і малая» з першых жа радкоў можна назваць гістарычнай, але гэта і гімн палешукам-рыбаловам, якія, як сцвярджаюць аўтары, у любой лужыне павінны рыбы налавіць. Лоўля сярод іх найчасцей была своеасаблівым спаборніцтвам. А «выігрываў» той, у каго былі і сачкі, і іншыя прылады для лоўлі без сучка і задзірынкі ў прамым сэнсе – вырабы самабытнага вясковага мастацтва. Гэта надавала гонару і значнасці палешукам, станавілася адметнай рысай іх традыцыйнага ладу жыцця. А яшчэ вяскоўцы на Піншчыне дакладна размяжоўвалі паняцці «рыба» і «ўюн». Менавіта ўюн прыносіў у сялянскую сям`ю капейчыну. Як прыклад гэтаму аўтары прыводзяць рыбалоўства на Пагосцкім возеры (зараз гэта Пагосцкае вадасховішча). Пра багатыя ўловы ўюноў у гэтым вадаёме ведалі далёка за межамі Піншчыны. Вяртлявыя насельнікі возера ўдала прадаваліся ў Пінску на набярэжнай. Нездарма менавіта тут устаноўлены помнік уюну (скульптар С.Жылевіч). Яго здымак афарміцелі размясцілі на вокладцы кнігі.


Але забываецца ўсё, смуткуюць аўтары. Прыстасаванняў рыбацкіх ужо няма, і працэс нарыхтоўкі ўюноў ужо не той. Ды зараз і ўюноў не знойдзеш. Адно застаецца – наведваць фальклорна-этнаграфічныя музеі. На Піншчыне гэта Мерчыцкі цэнтр традыцыйнай культуры і быту «Спадчына Палесся», дзе, знаёмячыся з усімі 200 экспанатамі, кожны дазваляецца мацаць рукамі. Тут можна датыкнуцца да прылад, якія былі паўсядзённымі для нашых продкаў і якія нам зараз даюць уяўленне аб традыцыйным ладзе іх жыцця. Альбо пачытаць раман Івана Мележа «Людзі на балоце» і даведацца, што для палешукоў велізарнае значэнне мелі не толькі рыба, ды асабліва ўюны, але і грыбы, ягады, а не меней і мёд, яны былі сэнсам і сродкам існавання «балотных» людзей.


Кармілі і лячылі палешукоў таксама мёд і яго прадукты. Вялікую справу зрабілі даследчыкі Ненадаўцы. «Жужнела пчолка, жужнела…» – гэта ж сапраўдная палеская пчалярская «энцыклапедыя». Захапляюча чытаюцца гісторыя развіцця бортніцтва, звесткі аб выкарыстанні рамачнага вулея, аб хваробах пчолак і значэнні гэтых звонкакрылых працаўніц у народнай 
медыцыне. А яшчэ пчала паказана ў вуснай паэтычнай творчасці – «жужнела пчолачка, да па бару лятаючы, салодкі мёд збіраючы…» столькі часу, што і не падлічыць. У пчолак усё, як у людзей, заўважаюць аўтары, яны нараджаюцца, жывуць, працуюць, хварэюць, вылечваюцца, гінуць. Доўгі перыяд існавання самабытнага народнага промыслу.


А вось адзін з цікавых фактаў, міма якіх не мог прайсці А.М.Ненадавец. Ён філатэліст з вялікім стажам. Настаў час задумацца, а колькі марак, паштовых блокаў і іншага прысвечана ўласна пчаляру і яго дзеючай асобе – пчолцы. Думаў, што зможа сабраць пра гэта процьму матэрыялу. Не, не адбылося такога. Незайздроснае становішча ва ўсім свеце з пчалою, бортніцтвам і пчалярствам у сферы філатэліі.


Знайшоў этыкеткі з актуальнымі подпісамі аб мёдзе і пчале Гомельскай запалкавай фабрыкі. На жаль, у філатэліста не аказалася такога ж матэрыялу з Пінскай, без малога са 140-гадовай гісторыяй, запалкавай фабрыкі.


Радок за радком прачытаны кнігі. Даследаванні, гісторыі, паданні, былі, легенды, гумар, мемуары. А найбольш эсэ. І ўсё гэта на іх мяжы, калі адно 
пераходзіць у другое, узбагачае ўласнымі назіраннямі і думкамі, прыкладамі з жыцця, успамінамі. Стылі самыя розныя – навуковая і мастацкая літаратура, мясцовыя дыялектныя гутаркі, і кожны, думаецца, будзе ўспрымацца па-свойму. Адзінае тое, што за ўсім гэтым літаратурным багаццем аўтары – усебаковыя творчыя людзі, якія сэрцам прыкіпелі да сваёй малой радзімы і разам са сваімі героямі смуткуюць і радуюцца, горача ўспрымаюць усё, што адбываецца навокал. Жывіце, рыба і пчолка! Лавіцеся і жужнейце! Бо вы «прымалі чынны ўдзел у жыцці людзей». І тут ужо без асаблівай розніцы – у які час, век, эпоху гэта адбывалася.

Тамара ШЧАРБАКОВА

Фота Вячаслава ІЛЬЯНКОВА

Оставить комментарий

Похожие новости

Органам загса исполнилось 107 лет

pv

Игорь БРИЛЕВИЧ: «Дети – наше будущее. Мы должны сделать все для того, чтобы они были счастливыми»

pv

С акцией «Наши дети» Молотковичскую школу-интернат посетили гости из области

pv

Вы не можете скопировать содержимое этой страницы

ТГ канал