-1.2 C
Пинск
Четверг, 29 января, 2026
Пiнскi Веснiк
Общество

Зніч на жыццёвых дарогах

2 лістапада – Дзень памяці

Каціцца кудысьці няспыннае кола часу. Сапраўды, больш агульнага чалавецтва мае ў мінулым. Сённяшні дзень — гэта клопаты, у будучыні, як заўжды, лёс непрадказальны, і толькі з тым, што адбывалася раней, са справамі продкаў чалавек здаўна параўноўваў сваё існаванне. Памяць існуе як непагасны зніч жыццёвых дарог. «Дзяды» — зварот да тых, хто жыў, араў, працаваў і пакінуў назапашанае нашчадкам.

Зніч на жыццёвых дарогах

Родныя прасторы – гэта не штучная светабудова, і лістападаўскі сум развейваецца думкамі аб спрадвечнай сувязі паміж тым, што было, здзяйсняецца і абавязкова адродзіцца. Набліжаецца час восеньскіх Дзядоў, беларускіх Асянін. У іх спалучыліся народныя традыцыі і рэлігійныя абрады. Амаль разам ідуць каталіцкія Свята ўсіх святых, Дзень задушны (1, 2 лістапада), праваслаўная Дзмітраўская бацькоўская субота (сёлета 6 лістапада).

Памінанне спачылых ёсць справа любові і хрысціянскага абавязку. Наша малітва – за тых, хто адышоў у нябыт з надзеяй на ўваскрэсенне, і за ўсіх, хто адшукаў спакой, уз’яднаўшыся з вечнасцю.

Між тым Дзяды набываюць надканфесійныя рысы, якія сімвалізуюць еднасць народа Бацькаўшчыны на сваім гістарычным руху, даюць адчуванне адказнасці перад мінулым і будучым. Нішто іншае так не аб’ядноўвае нас, як памяць продкаў. Нездарма людзі параўноўваюць радавод з дрэвам, а сваіх дзядоў – з каранямі. «Каб гэтаму роду не было пераводу», – абавязкова жадаюць на вяселлях і хрэсьбінах. Беларусы лічаць прыналежнасць да роду і радзімы неад’емнай часткай самаідэнтычнасці. Гэта адчуваецца нават у самім вымаўленні беларускіх слоў, што адлюстроўваюць працяг жыцця: ураджай, нараджаць, народзіны, радзіны, адраджэнне. Падлічана, што калі ў цэнтры ўмоўнай сферы з дзесяццю арбітамі размясціць бацьку і маці, то ад іх да крайняй рысы атрымаем больш за тысячу родзічаў. Сваіх блізкіх мы яшчэ ведаем, а вось імёны і лёсы шматлікіх прадзедаў забылі. Аднак усе яны жылі на зямлі, працавалі і дзетак нараджалі. Гэты ланцужок цягнецца за намі спрадвеку. Мы дапаўняем яго ўласнымі набыткамі. І чым глыбей спасцігаем Сусвет, тым больш упэўнена ўсведамляем, што аб’ядноўваюць нас не фізічныя рэчы, а духоўныя каштоўнасці – сумленне, каханне, павага, памяць…

Адроджаныя восеньскія Дзяды вось ужо якое дзесяцігоддзе крочаць па Беларусі. Яны нябачна завітаюць туды, дзе жыве ўспамін пра плённыя справы продкаў, шануюцца іх лепшыя якасці і памкненні. Знайдзіце час, каб зазірнуць у стары сямейны альбом, расказаць малодшым у доме аб дзядах-прадзедах, прыйсці ў храм і на могілкі памаліцца і паставіць памінальныя свечкі. А вяртаючыся, спадзявацца, што сцяжынка і да вашай магілы ў забыцці не збуцвее, дакрануцца і да яе жывыя нашчадкі. І так з года ў год, з века ў век. Я іду. Над маёй зямлёй ужо трывожны надвячорак. Для кагосьці – заход жыцця, каму – пачатак. Далягляд засцілае цемра, гойдае лісцем здарожаны вецер. Мой шлях да дзедавых крыжоў.

Ігнат ЗАХАРАЎ

Похожие новости

Порядок получения справки для реализации сельхозпродукции физическими лицами

pv

Каким блогеры увидели зимний Брест

pv

Чистим снег, боремся с гололёдом!

pv
ТГ канал