Жніво-2017: Маладзёжны і сямейны экіпаж братоў Шпакоўскіх

Общество

  На мінулым тыдні ў райсельгасупраўленне Піншчыны паступіла некалькі паведамленняў аб заканчэнні жніва-2017. Сярод гаспадарак, дзе збожавую ніву ўжо пакінулі камбайны, і ААТ «Парахонскае». Зараз амаль уся тэхніка прадпрыемства занята на ўборцы зернебабовых культур.

  Мы заехалі ў Парахонск як раз на завяршэнні ўборкі зерневых. Нас зацікавіў удзел у жніве маладзёжных і сямейных экіпажаў. Так мы і пазнаёміліся з братамі Паўлам і Сяргеем Шпакоўскімі. Яны — неаднаразовыя пераможцы па намалотах зерня ў вобласці.

  ААТ «Парахонскае» — найбуйнейшая сельская гаспадарка ў Пінскім раёне. Дарэчы, у мінулым годзе сама гаспадарка была адзначана на «Дажынках» дыпломам 1 ступені Брэсцкага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў АПК за дасягненне высокіх вынікаў у вытворчасці зерня, забяспячэнне належных сацыяльна-бытавых умоў удзельнікам жніва, захаванне працоўнага заканадаўства і патрабаванняў аховы працы.

  Гаспадарка мае 23 камбайны. На адным з іх працуе маладзёжны экіпаж братоў Шпакоўскіх. Паўла і Сяргея ў «дажынкавых» колах ведаюць добра. Менавіта іх экіпаж станавіўся пераможцам у апошнія два гады сярод маладзёжных зернеўборачных камбайнаў вобласці. Сёлета яны зноўку падаюць надзею на перамогу.



  Разам браты працуюць ужо трэці год, а вось паасобку ў Паўла гэта ужо чацвёрты сезон, а ў Сяргея — восьмы. Пасля ўборкі хлопцы «перасядаюць» на трактар і грузавік і далей працуюць на дабрабыт свайго «Парахонскага». 

  Браты Шпакоўскія, можна сказаць, прадаўжаюць сямейную традыцыю — іх бацька таксама працаваў у «Парахонскім». І як сказаў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Васільевіч Пікун: «Бацька быў працавіты, вось і сыны такія ж!».

Аднавяскоўцы паважаюць братоў за іх працавітасць і ставяць у прыклад моладзі. Між сабой браты падобныя — абодва статныя, сапраўдныя палешукі. Адразу можна крыху і заблытацца, дзе хто. Розніца ва ўзросце ў іх невялікая — тры гады. Павел вучыўся ў Пінскім індустрыяльна-педагагічным тэхнікуме, а Сяргей скончыў сельскагаспадарчы ліцэй у Лунінцы. Абодва выдатныя бацькі для сваіх дзяцей. 



  З такой колькасцю экіпажаў у адной толькі гаспадарцы ўзнікае здаровая канкурэнцыя. У жніве-2017 у «Парахонскім» было занята некалькі маладзёжных экіпажаў. Экіпаж братоў Шпакоўскіх не адзіны сямейна-маладзёжны тандэм. Але, ведаеце, хлопцы не гоняцца за перамогай. Сяргей увогуле спытаў: «А што, мы зноўку атрымаем дыпломы, што вы прыехалі?». У гэтым годзе яны намалацілі 1252 тоны зерня (у 2015 — 1304 тоны, а ў 2016 — 1417 тон).

  Браты Шпакоўскія чэсна выконваюць свой рабочы абавязак, а перамогу лічаць прыемным бонусам. Працу сваю ведаюць добра, зерне ўбіраюць бездакорна, з душой, хлеб збіраюць да апошняга каласка ў полі.

  Ірына ДЗЕНІСОВІЧ
  Фота Ганны ВЯРЭНІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *