Значнай падзеяй святкавання 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Якуба Коласа стала ІІ Міжрэгіянальная канферэнцыя «Палескі след класіка».
У гарадской дзіцячай бібліятэцы, што носіць імя Песняра, склалася традыцыя — праводзіць пінскія «каласавіны», якія ў апошні час атрымалі навуковы характар і знайшлі сваіх пастаянных удзельнікаў. Да нас зноў прыехалі даследчыкі спадчыны Коласа з Мінска, Лунінца, каб разам з музейнымі работнікамі, краязнаўцамі, рупліўцамі роднай мовы дакрануцца да невычэрпных крыніц творчасці дзеяча беларускай літаратуры, перагартаць старонкі яго жыцця. Была і яшчэ адна нагода сустрэцца — споўнілася 110 гадоў з часу знаходжання Я.Коласа ў сталіцы Палесся.
Гасцей шчыра вітала дырэктар гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Дзіна Лагодзіч. Асаблівую лірычную атмасферу стварыла паэтычна-музычная кампазіцыя ў выкананні навучэнцаў каледжа мастацтваў. Вядучы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Іван Дубовік пазнаёміў прысутных з новымі асветніцкімі праектамі, а краязнаўца Таццяна Канапацкая ўзгадала аб лунінецкім перыядзе жыцця Песняра. У гэтай частцы біяграфіі Я.Коласа ёсць шмат чаго, что аб’ядноўвае нашы гарады праз лёсы іх жыхароў. У Музеі Беларускага Палесся захоўваюцца некаторыя рэчы і аўтографы народнага паэта. Аб тым паведаміла вядучы навуковы супрацоўнік музея Святлана Цылімава.
Асаблівую цікавасць выклікала прэзентацыя кнігі «Табой я жыў, табой жыву…», прысвечанай жонцы Якуба Коласа Марыі Каменскай. Выданне падрыхтавана да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі, каб ушанаваць памяць каханай і вернай спадарожніцы жыцця Песняра, яго «мілай, слаўнай, добрай Марусі». 32 гады яны былі разам.
Кніга выйшла ў свет па заказу Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Аб працы над зборнікам расказала адна з аўтараў — унучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч. Вельмі сімвалічна, што гэта сустрэча з Марыяй Дзмітрыеўнай на хвалях паэзіі і ўспамінаў адбылася ў тым самым горадзе і нават на той жа вуліцы, дзе пазнаёміліся, згулялі вяселле і пэўны час жылі Якуб і яго каханая, дзе нарадзіўся іх сын-першынец. Як узгадвае сямейнае паданне, на 25-годдзе шлюбу бацькоў Даніла Канстанцінавіч заказаў святочны торт з надпісам «Пінск-Мінск»…
Цікавую праграму «каласавін» прадоўжыла дзіцячая тэма — тэатралізацыя казкі Я.Коласа «Зайкава хата», падрыхтаваная супрацоўнікамі бібліятэкі. А завяршыўся гэты лістападаўскі вечар пранікнёным выкананнем песні «Мой родны кут» салісткай эстраднай студыі «ЛіК» Ліліяй Якубчык. Кожны з прысутных падпяваў добра вядомыя коласаўскія словы «Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы!».
Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ (Фота).