-1.5 C
Пинск
Среда, 25 декабря, 2024
Пiнскi Веснiк
Общество

Святыня на беразе Піны

Праваслаўныя вернікі адзначаюць сёння вялікае свята – Пакрова Прасвятой Багародзіцы. Гэта звязана з надзвычай шанавальным стаўленнем хрысціян да Багародзіцы. Прапануем нарыс пра Свята-Пакроўскую царкву ў Пінкавічах.

Святыня на беразе Піны
Сучасны выгляд, фота з адкрытых крыніц.

Крыху з гісторыі Пакровы

Паводле паданняў, у 910 годзе ў Канстанцінопалі адбылося цуда – знямогламу народу з’явілася Дзева Марыя. Сталіца Візантыі ў чарговы раз знаходзілася ў аблозе. Тагачаснаму цэнтру праваслаўя пагражалі знішчэннем дзікія плямёны.  Вернікі, жыхары Канстанцінопаля, схаваліся ва Улахернскім храме і прыняліся старанна маліцца аб выратаванні ад непрыяцеля. Адчайныя маленні хрысціян былі пачутыя – у суправаджэнні прарока Іаана Прадцечы і апостала Іаана Багаслова з нябёсаў сышла  Маці Божая.

Багародзіца падтрымала вернікаў і падзяліла з імі шчырую малітву. Пасля чаго Дзева Марыя зняла з галавы сваё покрыва (амафор) і атуліла ім прыхаджан, нібы спрабуючы абараніць людзей ад сустрэчы з ворагам. І тут адбылося нечаканае: варвары спешна знялі аблогу і без праліцця крыві адступілі ад Канстанцінопаля. Сталіца Візантыі і яе жыхары былі выратаваны ад гібелі, якая здавалася немінучай.

Яшчэ ў старажытнасці на землях усходніх славян – Русі – з’явілася шмат прыкмет, паданняў і ўяўленняў пра свята. Пакрова лічылася мяжой, якая падзяляла год. Казалі: «Да Пакровы – восень, за Пакровай – зіма ідзе». Завяршаліся сельскагаспадарчыя працы. Гаспадыні пачыналі рыхтаваць жыллё да зімы. У гэты час часта выпадаў першы снег. З Пакрова Багародзіцы ішла чарада вяселляў. Сем’і, створаныя ў гэты час, лічыліся наймацнейшымі і шчаслівымі. Таксама ў гэты дзень складалі прагноз надвор’я на зіму.

Святыня на беразе Піны
Малюнак Язэпа Драздовіча, 1926 год.

Духоўная і культурная каштоўнасць

Адным з доказаў таго, што са старажытных часоў на тэрыторыі Беларусі вельмі шанавалі Багародзіцу, з’яўляецца актыўнае будаўніцтва мноства храмаў у яе гонар. Так, у Пінкавічах у маляўнічым месцы – на беразе калісьці паўнаводнай Піны – узвялі Свята-Пакроўскую царкву.

Афіцыйна прызнанай датай яе заснавання лічыцца 1830 год, але ёсць канкрэтныя доказы, што гэта памылка. Разбярэм усё па палічках. Па-першае, царква ўзгадваецца ў інвентары шляхецкага роду Бжастоўскіх, які быў складзены напачатку 1760-х. Па-другое, ёсць царкоўная кніга, якую вялі святары з 1799 па 1809 год. Па-трэцяе, у верасні 1806-га мясцовыя жыхары падарылі храму вялікі абраз «Уздзвіжанне Святога Крыжа», на ім асаблівую ўвагу засяродзім пазней.

Дык чаму пазначаны 1830 год? Па-першае: мог адбыцца капітальны рамонт, нейкае дабудаванне і г.д. Па-другое, магчыма, быў здзейснены пераход абшчыны з уніяцтва ў праваслаўе. У любым выпадку адбылося нешта істотнае, што стала кропкай адліку.

6 сакавіка 1962-га, ў разгар хрушчоўскіх ганенняў на вернікаў, мясцовыя ўлады прынялі рашэнне знесці царкву, але па нейкіх прычынах загад адмянілі. Аднак, на жаль, у гэты ж час разбурылі невялікую Ільінскую царквушку. Яна была прыпісной да Пакроўскай і мела статус капліцы. Знаходзілася ў пачатку сучаснай вуліцы 5-й Садовай.

Царква ў Пінкавічах – помнік народнага дойлідства. Арыгінальная маляўнічая аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя складаецца з прамавугольнага бабінца з надбудаванай над ім чатырохграннай шатровай званіцай з макаўкай, васьміграннай малітоўнай залы, пяціграннай апсіды з бакавой рызніцай. Цэнтральны аб’ём накрыты гранёным шатровым дахам, завершаным цыбулепадобнай галоўкай на васьмігранным барабане. Тры ўваходы вылучаны двухслуповымі ганкамі пад двухсхільнымі пакрыццямі. Усе памяшканні царквы перакрыты драўлянымі самкнутымі пірамідальнымі скляпеннямі. У стварэнні канструкцыйна складанага перакрыцця храма выявіўся талент і цяслярскае майстэрства палескіх дойлідаў.

Святыня на беразе Піны
Фота Луізы Арнер Бойд, 1934 год.

Сведка радасці і болі пінкаўцоў

У царкве шмат артэфактаў даўніны. Вялікі абраз «Уздзвіжанне Святога Крыжа». У царкве ён з’явіўся 24 верасня 1806-га. З надпісу на ім вынікае, што гэта дар ад сем’яў Хіхлюк і Капко за нараджэнне доўгачаканага дзіцяці.

Абраз уяўляе сабой шматлюдную сцэну, намаляваную на фоне храма. У цэнтры на паўкруглым амбоне стаіць патрыярх з паднятым над галавой упрыгожаным крыжам. Яго падтрымліваюць дыяканы. На першым плане – свяціцелі, спевакі, якія прыйшлі пакланіцца святому крыжу. Справа – фігуры рымскага імператара Канстанціна I Вялікага, які зрабіў хрысціянства афіцыйнай рэлігіяй і яго маці, царыцы Алены. Часам на абразе Уздзвіжання адлюстроўваецца напамін пра цуд, што нябожчык уваскрэс або старац ацалеў ад цяжкай хваробы праз дакрананне крыжа.

Вядома, святыня не лічыцца цудатворнай, але можна толькі ўявіць, наколькі яна намоленая за больш чым два стагоддзі.

Імёны звязаныя з царквой

Захаваліся імёны настаяцеляў прыхода: Лангін Шумаковіч служыў у 1849-1876 гадах, Ціт Шумаковіч стаяў начале прыхода напачатку ХХ стагоддзя, Яфімій Агай вёў богаслужэнні ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі, а з 1987-га па 2001 год служыў Мікалай Куратнік.

Вось ужо больш дваццаці гадоў настаяцелем з’яўляецца протаіерэй Міхаіл Ларыёнаў. Ён здабыў павагу сярод вернікаў перш за ўсё як сапраўдны духаўнік. Дапаможа словам, парадай і канечне, шчырай малітвай. Акрамя таго вяскоўцы падзяляюць ягоныя намагацці, каб царква ў Пінкавічах была не толькі цэнтрам духоўнага жыцця, але і культурна-асветніцкім асяродкам.

Са святыняй звязаныя і шырока вядомыя постаці. У 1905-м Якуб Колас, які тады настаўнічаў у вёсцы, хрысціў тут сына Аляксандра і Людмілы Лояў. Кум пачынаючага пісьменніка быў царкоўным старастай. Хрэснік Мікалай загінуў на фронце ў 1945-м.

У 1926-м у Пінкавічах пабываў вядомы беларускі мастак Язэп Драздовіч – між іншага ён замаляваў Пакроўскую царкву. У 1934-м вёску ў ходзе навуковай экспедыцыі наведала амерыканская вандроўніца Луіза Арнер Бойд. Сярод сотняў яе фатаграфій выявы царквы. У 1954-м у пінкавіцкім храме ахрасцілі даследчыцу беларускай літаратуры, навукоўцу і паэтэсу Любоў Тарасюк.

Нашчадкі вялікай спадчыны

Свята-Пакроўская царква ў Пінкавічах – маўклівы сведка мінулага, якое напоўнена радасцю і болем жыхароў вёскі. Гэта наймацнейшае месца сілы, бо сюды ішлі продкі, ідуць сучаснікі і будуць ісці наступныя пакаленні. Сотні тысяч малітваў прагучалі ў яго сценах. Уваходзячы ў пінкавіцкую царкву ці ў іншы старажытны храм вернік мае ўнікальную магчымасць адчуць сувязь пакаленняў.

 

Дзмітрый КІСЕЛЬ, магістрант

гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна

Оставить комментарий

Похожие новости

В Пинском районе благотворительный новогодний праздник собрал около трехсот детей

pv

Онлайн-кинотеатр VOKA запускает новогоднюю акцию

pv

Засверкала елочка огоньками разными – зелеными и красными

pv

Вы не можете скопировать содержимое этой страницы

ТГ канал