Прыйшоў Мікола – сей, не пытай ні ў кога. 22 мая нашы продкі адзначаюць дзень Міколы Вясенняга. Згодна з царкоўным календаром, у гэты дзень адзначаюць перанясенне святых мошчаў свяціцеля Мікалая з Мір Лікійскіх у Бар. “Вешнім” і “Цёплым” свята назвалі ў процівагу Міколе Зімняму, халоднаму, які адзначаецца 19 снежня.
Гісторыя
Святы Мікалай – вялікі ўгоднік божы, свяціцель і цудатворца. У яго гонар называлі і працягваюць называць саборы, манастыры. Мошчы святога захоўваліся ў Лікійскім храме, пакуль у канцы VIII стагоддзя ў Грэцыі не наступілі цяжкія часы. Туркі пастаянна рабавалі яе тэрыторыі, палілі гарады, апаганьвалі святыя месцы. Яны імкнуліся знішчыць астанкі святога Мікалая, якога глыбока шанаваў увесь хрысціянскі народ. У 1087 годзе жыхары горада Бар прыехалі ў Міры спецыяльна, каб забраць мошчы святога. 21 мая судна дабралася да горада, а ў наступны дзень астанкі ўнеслі ў храм святога Стэфана, дзе яны знаходзяцца і цяпер.
Абрады і традыцыі
Мікалая Цудатворца ў народзе любяць і шануюць. Амаль у кожным доме, дзе жыве хрысціянская сям’я, абавязкова ёсць абраз гэтага святога. Яго лічаць памочнікам у любых справах і жыццёвых клопатах. Менавіта таму імя Мікалай вельмі распаўсюджана ў нашай і суседніх краінах.
Святы Мікалай асабліва ўшаноўваўся ў сем’ях, дзе быў марак ці рыбак. А яшчэ ён лічыўся заступнікам коней. Таму ў гэты дзень іх выганялі на ноч на пашу. Каб мясцовыя ведзьмакі не нашкодзілі жывёле, яе акурвалі зёлкамі, сабранымі на Купалле. А каб на коней не напалі ваўкі ці каб іх не скралі зладзеі, па спінах жывёл качалі звараныя курыныя яйкі, якія на наступны дзень такія яйкі аддавалі жабракам.
Для аховы коней звычайна выбіралі нежанатых хлопцаў. Пазней да іх далучаліся дзяўчаты. Пачыналася сапраўднае гулянне моладзі – з песнямі і танцамі.
Раніцай на Міколу мыліся расой. Лічылася, што гэта дазволіць захаваць здароўе на ўвесь год. Людзі выходзілі на агароды або поле і прамаўлялі замовы, каб зямля была ўрадлівай, а ўраджай багатым.
Прыкметы на Міколу
Калі пайшоў дождж – будзе добры ўраджай.
Калі ноччу гром, то ўсталюецца добрае надвор’е.
Калі зацвіла рабіна, то восень будзе кароткай.
Калі на альшыне распусціліся кветкі – надышоў час сеяць грэчку.
На балотах чуваць жаб – ураджай аўса будзе добрым.
Народныя прымаўкі
Мікола на моры ратуе, Мікола мужыку воз падымае.
Мікола Зімовы каня на двор загоніць, Мікола Вясенні каня адкорміць.
Папрасі Міколу, а ён Хрысту скажа.
Мікола – святы вялікі, свяціцель Хрыстоў, цёплы заступнік і хуткі памочнік.
Мікалай, Угоднік Божы, будзь нам памочнік! Ты і ў полі, ты і ў доме, у дарозе, на моры і на зямлі заступі і захавай ад усякага зла!
Алена БРЫЧ.