У раённым Цэнтры культуры і адпачынку дзейнічае Дом рамёстваў. Дзякуючы намаганням загадчыцы Баян Каратковай і супрацоўнікаў Дома рамёстваў тут можна ўбачыць старадаўнія прадметы побыту, ручнікі і традыцыйныя строі, якія ў той час знаходзіліся ў кожным доме. Мясцовыя жыхары старанна захоўвалі спадчыну, засцерагалі сакральнае падчас войнаў.
– Культура роднага краю – гэта найвялікшы скарб продкаў, які ні ў якім разе нельга згубіць, – расказвае Баян Алтынбекаўна.
Дом рамёстваў стаў для жанчыны справай жыцця. Яна надзвычай цікавы і глыбокі чалавек, валодае асабістай калекцыяй лялек-абярэгаў, якая налічвае каля 50 экспанатаў.
– Кожная з іх – гэта тэкст духоўнай традыцыі. Я не разглядаю лялькуабярэг як ляльку. Гэта перш за ўсё носьбіт інфармацыі, – тлумачыць Баян Алтынбекаўна.
У даўнія часы лічылася, што лялькіабярэгі прыносілі ў дом шчасце, згоду і багацце. Зробленыя сваімі рукамі, яны маглі стаць арыгінальным падарункам, а працэс іх вырабу – свайго роду рэлаксам.
Парадамі і ведамі з «Пінскім веснікам» падзялілася Баян Караткова:
– Нашы людзі вельмі трапятліва ставіліся да вырабу такіх лялек. Для гэтага трэба было абраць пэўны час і настрой. Напрыклад, ляльку «на здароўе» рабілі на ўзыходзе месяца. Практычна ўсе астатнія выраблялі на маладзік і абавязкова думалі пра тое, чаму павінна была паспрыяць лялька. У працэсе іх вырабу не выкарыстоўвалі колючыя і рэжучыя прадметы. Нажніцы і іголкі не бралі ў рукі, каб не паменшыць магічную сілу лялькі.
Лялька-абярэг безаблічная. Калі яе ёсць вочы, то ў ляльку можа ўсяліцца нячыстая сіла, і тады яна як бы адухаўляецца. Таму ні ў якім разе нельга было маляваць ёй твар. Такія абярэгі служылі ад сурокаў, дурнога вока, іх вешалі на самае бачнае месца ля ўваходу, каб, зірнуўшы на ляльку, злы чалавек на ёй пакінуў сваю негатыўную энергію. Абярэг рабілі на працягу аднаго дня, а дакладней, за адзін прысест. Калі лялька была гатовая, найперш бралі яе ў рукі і хвалілі, якая яна прыгожая. Сакрэт магічнай сілы такіх берагінь заключаецца ў любові, з якой яны былі створаны.
Аснову рабілі з розных матэрыялаў: пучка саломы, невялікага бярозавага паленца, галінак дрэва, маточка нітак або скрутка тканіны. Праўда, была адзіная ўмова – незалежна ад таго, які майструецца абярэг, заўсёды прысутнічаў чырвоны колер. Няхай танюткая стужачка пад хусткай ці арнамент на спадніцы, але колер павінен быць.
Лялькі-абярэгі суправаджалі чалавека ўсё жыццё. З іх дапамогай дзяўчаты шукалі сабе жаніхоў і чакалі выканання жаданняў, маці адганялі хваробы ад сваіх дзяцей, старэйшыя ў родзе жанчыны абаранялі дом ад нячыстай сілы і дрэннага вока…
– Сучасных дзяцей цяжка пасадзіць за парты, – дзеліцца Баян Алтынбекаўна. – Іншая справа майстар-класы, якіх шмат праводзіца ў нашым Доме рамёстваў. Адзін з самых любімых – выраб лялек-абярэгаў, – расказвае жанчына.
– Уражанні новыя і незвычайныя для пальчыкаў, якія толькі і ведаюць, што трымаць смартфоны, – дзеліцца Баян Караткова. – Але ж што тут зробіш – пакаленне 21 стагоддзя! Гэта яскравы доказ неабходнасці такіх заняткаў.
Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ.
Фота аўтара.