Народны каляндар: У чэрвені ўбача спадар, што Бог дасць у дар
6 чэрвеня
Цёплае надвор’е і вылет пчол у Сымонаў дзень азначаў багаты медазбор. Таксама лічылася, што ў гэты дзень пачынала цвісці шыпшына.
Былі такія прыкметы: калі ягаднікі цвітуць, то будзе шмат сыраежак; калі шмат камароў, то ў ліпені будзе засуха; калі птушкі лётаюць нізка, то лета будзе дажджлівым.
7 чэрвеня
Ферапонт — худыя росы, або Іванаў дзень. Нашы продкі лічылі, што ў ноч на 7 чэрвеня зямля замірае і выпадае на лугі падзь – салодкая на смак, але мёртвая, ад якой кветкі губляюць свае фарбы. Жывёлу ў гэты дзень выганялі толькі ў сонечнае надвор’е. Босымі па траве таксама не хадзілі.
Былі такія прыкметы: калі шмат расы, то будзе добры ўраджай; калі на рабіне шмат цвету, то ўродзіць авёс; калі рабіна не цвіце яшчэ – восень будзе ранняй і доўгай.
8 чэрвеня
У дзень, які называўся Алфей-гліннік, гаспадыні выветрывалі з посуду задуху. Для гэтага выносілі гладышы, кваснікі, гаршкі з бабінага кута пад кусты квітнеючых галінак парэчкі, агрэсту альбо шыпшынніку.
Сёлета 8 чэрвеня адзначаецца Тройца. У свята ў праваслаўных храмах здзяйсняецца адна з самых урачыстых і прыгожых службаў. Пасля літургіі адбываецца вялікая вячэрня і чытаюцца малітвы. Так завяршаецца паслявелікодны перыяд.
На Тройцу ёсць звычай упрыгожваць храмы галінамі і травой, якія сімвалізуюць абнаўленне людзей дзякуючы Святому Духу. Святары апранаюць зялёнае адзенне, якое сімвалізуе жыватворчую і абнаўляючую сілу Святога Духа.
У суботу, напярэдадні свята, прынята ўспамінаць памерлых. Гэты дзень называецца бацькоўскім.
У светлае свята нельга лаяцца, сварыцца. Не трэба нічога рэзаць, секчы, стрыгчы. Не ішлі працаваць на агародзе. Лічылася, што зямля ў гэтае свята імянінніца. Катэгарычна забаранялася на Тройцу купацца ў рацэ, мыць бялізну. Асцерагаліся, што русалка ўцягне ў ваду. Да свята загадзя рыхтаваліся, не пакідаючы на гэтыя дні генеральную ўборку ці тым больш рамонт. Усё смецце трэба было вынесці загадзя.
9 чэрвеня
Дзень Хвядоры. «Хвядора – на язык калючая». Сяляне забаранялі жанчынам і дзяўчатам балбатаць паміж сабой – гэта абяцала вялікую бяду. Таксама казалі, што 9 чэрвеня нельга сварыцца, бо «Хвядора стаіць за кутом ды хоча даведацца аб таемным».
Стараліся не месці ў хаце – верылі, што дамавік залазіць пад венік, і яго можна вымесці разам са смеццем, а значыць, сваё шчасце страціць.
10 чэрвеня
У гэты дзень раней пад курэй падкладалі яйкі гусей. Цяжарныя жанчыны хадзілі ў поле, каб дзіця было моцным, як малады колас.
Былі такія прыкметы: ціхі дзень – да добрага ўраджаю; калі жанчына пачне нараджаць сёння на хлебнай ніве, то роды пройдуць лёгка, а дзіцё будзе здаровым.
11 чэрвеня
Хвядота. Як казалі ў народзе, «Хвядосся-каласяніца – жыта каласіцца». У гэты дзень жывёле давалі хлебны корм, каб яно лепш пладзілася. З Хвядоссі дзецям дазвалялася качацца на арэлях: да гэтага строга забаранялася – лічылася, што такая забава можа занепакоіць зямлю, якая выношвае ўраджай.
Былі такія прыкметы: стаіць туман – будзе нізкі ўраджай хлеба; жыта закаласілася – будзе шмат грыбоў.
12 чэрвеня
Нашы продкі лічылі, што ў гэты дзень гадзюкі і вужы ватагамі поўзаюць па лясах. Казалі так: «На Ісака адбываюцца змяіныя вяселлі». Верылі, калі 12 чэрвеня ўкусіць змяя – ні адзін шаптун не зможа загаварыць. На гародзе ў гэты дзень саджалі бабы і фасолю.
Забаранялася стрыгці валасы, плесці, вязаць, вышываць, а таксама працаваць на зямлі.Таксама нельга было купацца.
Алена Брыч.