Народны каляндар: чэрвень не гуляе — ураджай люляе
Назва месяца па адной версіі паходзіць ад слова “чэрвец” – жамяра, якая з’яўляецца акурат у гэты час. З яе некалі здабывалі чырвоную фарбу. Па другой – ад слова “чарва”, якім называюць лічынак пчол. Да гэтага месяц называўся крэсень, гедзень, чарвівы месяц, гнілец, ізок (конік).

Асноўны чэрвеньскі занятак селяніна – нарыхтоўка сена. Вось якія парады давалі гаспадары на гэты конт: касі траву, пакуль луг не адкрасуе, бо пазней трава зацвярдзее і не будзе з яе карысці для жывёлы; да Пятра высушыш траву пад кустом, а на Пятра не сохне і на кусце. А каб звесці ў хлявах мух, якіх у чэрвені надта многа, рэкамендавалася, напрыклад, прыручыць ластавак, а таксама вешаць на сценах, пад стропам невялікія пучкі папараці: мухі садзіліся на зеляніну, а вечарам іх струшвалі ў мяшкі.
1 чэрвеня Лічылася, што менавіта ў гэты дзень трэба загаворваць зямлю ад усякага ліха: непагоды, суроцаў і шкоднікаў.
На першы дзень лета ў нашых продкаў было некалькі прыкмет. Калі ідзе дождж, лета будзе цёплым, а калі холадна – наступныя 40 дзён будуць халоднымі. Сачылі таксама за крумкачамі: калі яны ўсе садзяцца дзюбамі ў адзін бок – будзе моцны вецер.
2 чэрвеня У народзе гэты дзень называлі Фалалей Агурочнік, таму што ў многіх раёнах саджалі агуркі: «Прыйшоў Фалалей, дасейвай агуркі хутчэй». Раней казалі, што да гэтага дня няма лета, але пасля яго ўжо не бывае зімы.
Калі шмат шышак на елках – да ўраджаю агуркоў; пчолы лётаюць вялікім роем – будзе дождж, па адной – будзе суха; калі раніцай шмат расы, то наступны дзень будзе халодным.
3 чэрвеня Людзі называлі гэты дзень Алена Лёнасейка, бо сяўбу хлябоў завяршалі, пачыналі сеяць лён. Апраналі чыстае адзенне, каб і лён вырас чысты. У кашолку з насеннем клалі вараныя яйкі, якія, прыехаўшы на ніву, сейбіт падкідаў угару, каб лён быў высокі, з буйнымі галоўкамі.
Былі такія прыкметы: калі 3 чэрвеня непагадзь, то і восень будзе непагодлівай; калі дождж з градам, то будзе снег 3 снежня.
4 чэрвеня Васіліск – салаўіны дзень – народная назва чацвертага дня лета. Па павер’і, у гэты дзень на свет з’явіўся цар змей Васіліск. Таму нашыя продкі імкнуліся нічога не рабіць ні ў хаце, ні на двары.
Людзі прыкмячалі: у гэты дзень нельга было працаваць у полі і гародзе, каб з зямлі не выраслі васіліскі; шмат аваднёў, а таксама моцная раса – да добрага ўраджаю.
5 чэрвеня Лявонаў дзень. Ён забараняў заглядацца на чужую працу, бо свая не заладзіцца.
Былі такія прыкметы: калі трава раніцай моцна пахне, будуць зацяжныя дажджы; калі каля мурашніка шмат мурашак, будзе яснае надвор’е.
Алена БРЫЧ.