19 октября, Пинский район /ПВ/ У кожнага сваё жаданне вярнуцца на малую радзіму. Яно ў першую чаргу звязана са шчымлівым імкненнем трапіць у бесклапотнае дзяцінства ці юнацтва. А як адчувае сябе чалавек, які ніколі не развітваўся з той зямлёй, па якой бегаў басанож? Адзіная дачка ў бацькоў, у якой было шмат магчымасцяў пасля заканчэння школы падацца ў горад, засталася ў родных мясцінах назаўжды.
Таісія Рыгораўна Бабіч усё жыццё пражыла ў вёсцы з прыгожай назвай Ладараж. Тут знайшла яна і сваё каханне. З Рыгорам Пятровічам яны ўжо амаль 60 гадоў разам. Выхавалі дачку Святлану і сына Алега, маюць трох унучак і нават праўнучку. Вось і прыйшло да памяці такое выказванне: “Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся”. Таісія Рыгораўна і Рыгор Пятровіч сярод такіх. Ужо даўно на заслужаным адпачынку, але заўсёды з пяшчотай успамінаюць яны сваю працу, расказваюць пра былых вучняў, ашчадна захоўваюць у памяці ўсе моманты, звязаныя са школай – яна стала для іх другім домам, сэнсам жыцця.
Рыгор Пятровіч нарадзіўся ў вёсцы Ганькавічы, якая знаходзіцца недалёка ад горада, але пасля службы ў арміі трапіў у Ладараж, што на мяжы з суседняй Украінай. Малады настаўнік адразу звярнуў на сябе ўвагу мясцовых дзяўчат. Але з усіх Рыгор Пятровіч вылучыў яркую, упэўненую ў сабе прыгажуню Таісу. Ёй таксама спадабаўся статны, выхаваны юнак. І ў 1968 годзе Рыгор і Таісія ўзялі шлюб.
Сапраўдны гаспадар
Восенню 1992 года на працу ў Ладаражскую сярэднюю школу ўладкавалася і я. Тады і пазнаёмілася з Рыгорам Пятровічам, які ўжо займаў пасаду дырэктара. Патрабавальны да сябе і іншых, ён з’яўляўся прыкладам для калег. Амаль усё навокал было зроблена яго ўмелымі рукамі. Што тут гаварыць – сапраўдны гаспадар! Ды і на працу прыходзіў заўсёды першы. Вучыліся тады ў трох будынках, класы былі вялікія – больш за трыццаць чалавек.
Таісія Рыгораўна ва ўсім хацела дапамагчы мужу. Яна вельмі любіла чысціню і парадак, таму на школьным двары было мноства кветак, якія радавалі вока і дарослых, і дзяцей. З боку вуліцы сцяной раслі прыгожыя елкі, асаблівае хараство і радасць дастаўлялі яны зімою, калі іх агортваў снег.
Даўно зачыніліся дзверы вясковай школы, але прыязджаюць у вёску да бацькоў былыя вучні. Яны ніколі не мінаюць сваіх паважаных педагогаў, дзеляцца думкамі і праблемамі, а тыя ў сваю чаргу, як і дзясяткі гадоў таму, падкажуць ім, параяць. Бо настаўнікі – гэта не проста прафесія, гэта – жыццёвы выбар.
Бацькі чакаюць дзяцей у Ладаражы
Бацькоўская хата, мясціны роднага краю, дзе чалавек нарадзіўся, дзе зрабіў першыя крокі, дзе вымавіў першае слова, трымаюць усіх неразрыўнаю ніткаю памяці. Таму і чакаюць заўсёды сваіх дзяцей у Ладаражы сям’я Бабіч. Дачка Святлана жыве ў Галева. Яна пайшла па сцежцы бацькоў і ўжо 36 гадоў працуе настаўніцай пачатковых класаў у горадзе. Сын Алег пасля заканчэння школы падаўся ў сталіцу, скончыў Мінскі дзяржаўны медыцынскі інстытут і з таго часу лечыць пацыентаў у Бараўлянах. Дзве ўнучкі таксама атрымалі дыпломы медыкаў і працуюць у Пінску. Ганарацца ўнучкамі і дзядуля з бабуляй, чакаюць у госці, каб пачаставаць мёдам ад уласных пчол, праплыць па рацэ Стыр на чоўне, палюбавацца наваколлем, адчуць асалоду Ладаража. А яшчэ… пачуць ад дзядулі розныя пацешныя гісторыі і гумарэскі.
Тонкае пачуццё гумару – яшчэ адна рыса характару, якой валодае Рыгор Пятровіч. Дзякуючы яму заўсёды можна выйсці з любой сітуацыі, упэўнены настаўнік. А ў сямейным жыцці – гэта і ўвогулле незаменная рэч. Таму і крочаць па жыцці столькі часу побач і нават праз гады з удзячнасцю і павагай глядзяць адзін на аднаго. Як і на сваё школьнае мінулае, якое агульнае ў іх. І іншага яны не пажадалі б.
Наталля Паўлавец,
выкладчык Пінскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
