На шчасце, шмат цікавых людзей сустракаецца на маім жыццёвым шляху. І кожнае такое знаёмства пакідае свой след у душы, прымушае зноў і зноў разважаць пра спрадвечныя каштоўнасці. У чарговы раз я была ўдзячна лёсу, калі ён звёў мяне з незвычайным і адначасова самым звычайным чалавекам – Тамарай КОЎЖУН (на здымку). Шмат гадоў яна выкладае беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 11.
– Кажуць, дарог у свеце многа, а ты між іх сваю знайдзі. Упэўнена, мне ў гэтым сэнсе пашчасціла, і зараз мой лёс не толькі сям’я, блізкія людзі, але і мае вучні, з якімі працую. Не сакрэт, цікавасць да прадмета пачынаецца з цікавасці да асобы настаўніка, таму імкнуся ўнесці ў кожны ўрок элементы творчасці, займальнасці, спрабую разнастайныя метады і прыёмы навучання; ствараю на занятках атмасферу шчырасці і добразычлівасці; будую ўзаемаадносіны з вучнямі як з раўнапраўнымі партнёрамі, у якіх пакуль проста менш ведаў, жыццёвага вопыту, – прыслухоўваюся да іх ідэй, поглядаў, улічваю іх пажаданні. Вядома, для мяне важна, як яны будуць ведаць мой прадмет, але перш за ўсё мяне хвалюе, якімі людзьмі стануць, – разважае Тамара Сяргееўна. – Вось і вучу іх самастойна думаць, цаніць прыгажосць чалавечых пачуццяў, імкнуся выхоўваць дабрыню, высакароднасць, чуласць. Па жыцці вяду сваіх навучэнцаў, нагадваючы ім радкі паэта Пімена Панчанкі: «Без чалавечнасці не будзе вечнасці».
Але не толькі гэта непакоіць педагога. Ва ўмовах білінгвізму ў сучасным грамадстве існуе патрэба ў стварэнні спецыяльных умоў, у якіх у вучняў будзе фарміравацца гатоўнасць да беларускамоўнай камунікацыі. І ў гэтай справе менавіта на плечы настаўніка кладзецца вялікая адказнасць. Не магу не звярнуць увагу нашых чытачоў на адну дэталь: у 2016 годзе ўсе 28 вучняў яе класа вывучалі беларускую мову на павышаным узроўні. І самі дзеці пажадалі, каб на выпускным вечары гучала беларуская мова. Каб мацней закранала струны душы матчына мова, каб выхоўваць юнакоў і дзяўчат на традыцыях свайго народа, на базе менавіта яе класа была арганізавана дзейнасць аб’яднання па інтарэсах «Спадчына». І цяпер самы час расказаць пра цікавы творчы праект «Родная зямля грэе і аберагае», які быў рэалізаваны навучэнцамі сумесна з бацькамі і педагогамі. Складаўся ён з пяці этнаграфічных мініэкспедыцый.
– Дзеці змаглі перанесціся з сучаснага гарадскога асяроддзя ва ўтульны свет беларускай вёскі, убачыць, як раней жылі іх продкі, як спрадвечныя традыцыі і каштоўнасці спалучаюцца з сучасным жыццём, – распавядае Тамара Сяргееўна. – Такім мястэчкам стала Альшанка. Вёсачка захавалася ў прыгожым кутку палескай глыбінкі, наводдаль ад шашы і людской мітусні. Вельмі важна было не проста паглыбіць веды па гісторыі і культуры малой радзімы, пазнаёміцца з асаблівасцямі гістарычных і сучасных пабудоў вёскі, інтэр’ерам сялянскай хаты, раскрыць змест святочных абрадаў і звычаяў, але і выхоўваць пачуццё патрыятызму, паважлівыя адносіны да чалавека-працаўніка і вынікаў яго дзейнасці, да багатай духоўнай спадчыны свайго народа. І ўсё атрымалася.
Варвара СКАЛКОВІЧ, удзельніца праекта: – Жыхары Альшанкі сустракалі нас як блізкіх людзей. І гэта было вельмі прыемна. Я чалавек творчы – скончыла харавое аддзяленне музычнай школы, таму з вялікім задавальненнем падпявала жанчынам, якія выконвалі розныя песні: і лірічныя, і жартоўныя. Асабліва мне спадабалася «Зэлэнэе жыта, зэлэнэе…». А як яны размаўлялі – гучалі ёмістыя, трапныя, сакавітыя словы! Скажу шчыра: мы атрымалі сапраўдную асалоду. Мініэкспедыцыі ўзбагацілі маю душу, навучылі даражыць культурай, гісторыяй нашых продкаў.
Яна ШЫРОКАВА, удзельніца праекта: – Было вельмі цікава: і ўдзельнічаць у святах; і назіраць за тым, як альшанкаўцы вучаць нашых хлопчыкаў плесці кошыкі, а дзяўчат – прасці кудзелю, абыходзіцца з калаўротам; і знаёміцца са старажытнымі рэцэптамі, якія захаваліся да нашых дзён. Па выніках міні-экспедыцый мною была напісана навукова-даследчая работа «Крочыць у свет з родным». На VII адкрытым абласным фестывалі фальклорнага мастацтва «Радавод», які адбыўся ў Пружанах, яна была ўдастоена дыплома першай ступені.
Аці ведаеце вы, паважаныя чытачы, што азначае слова «бадзыгон», напрыклад, альбо «журафынык»? Не? А ўдзельнікі праекта без аніякіх цяжкасцей адкажуць, што гэта назвы страў: першая – з цёртай бульбы, запечаная ў чыгунку, другая – кісель з журавін. Дарэчы, у слоўнік, які склалі дзеці, акрамя гэтых дзвюх, увайшлі дыялектныя назвы яшчэ 26 страў.
Але вернемся да Тамары Сяргееўны. Як высветлілася, нарадзілася яна ў вёсцы Крошын Баранавіцкага раёна – малой радзіме Паўлюка Багрыма. Беларускамоўнае асяроддзе, калі ў хаце гучала выключна родная гаворка, паспрыяла таму, што пасля заканчэння сярэдняй школы яна стала студэнткай Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А.С.Пушкіна. Працавала спачатку піянерважатай у роднай вёсцы, потым метадыстам Гарадзішчанскага раённага Дома піянераў. Выйшла замуж, пераехала ў Пінск, дзе ў 1988 годзе пачала выкладаць беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе № 11. Там і займаецца дагэтуль любімай справай. Яе вучні ніколі не звяртаюцца да рэпетытараў, бо ўпэўнены: Тамара Сяргееўна падрыхтуе на вышэйшым узроўні да цэнтралізаванага тэсціравання па беларускай мове – менавіта яе звычайна абіраюць яны пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Сярод яе выпускнікоў ёсць і «стабальнік», і пераможцы розных этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
За сваю працу Тамара Сяргееўна мае шмат узнагарод, у тым ліку і грамату Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. У чым сакрэт поспеху? Напэўна, у тым, што яна любіць, па-першае, родную мову, па-другое, дзяцей, якіх вучыць і выхоўвае, заўсёды прымае іх такімі, якія яны ёсць, з паразуменнем ставіцца да іх памылак, дапамагае паверыць у сябе, адчуць паспяховай асобай.
У яе цудоўная сям’я, любімая работа, што дае падставу лічыць сябе па-сапраўднаму шчаслівым чалавекам.
– Калі сустракаюся з выпускнікамі, якія, як кажуць, знайшлі сябе ў жыцці, з’яўляецца адчуванне, што ты нечага варты, – напрыканцы размовы прызналася Тамара Сяргееўна.
Наталля КІРКАВЕЦ.
Фота Наталлі ЛЯШКЕВІЧ.