Правядзенне абласнога свята «Дажынкі» ў гарадскім пасёлку Лагішын прыцягнула ўвагу і да мінулага гэтага мястэчка.
Нямала гістарычных падзей атрымала назву «Лагішынская», напрыклад, Лагішынская вера ці Лагішынская бітва ў Першай сусветнай вайне. А зараз скульптуры, якія былі створаны на пленэры разьбяроў па дрэве ў рамках культурнай праграмы «Дажынак», нагадалі пра яшчэ адну старонку летапісу Піншчыны. Майстры ўвасобілі вобразы князя, караля і вяшчальніка, які паведамляе аб атрыманні Лагішынам Магдэбурскага права. У свой час гэта быў вельмі жаданы статус гарадоў і мястэчак: ён сведчыў аб высокім узроўні сацыяльнаэканамічнага развіцця і прававой культуры. У пачатку бягучага года споўнілася 440 гадоў з надання Пінску Магдэбургскага права.
Але да гэтага часу так і не высветлена, дзе ж знаходзіцца самы ранні Прывілей. А вось Лагішыну ў гэтай справе пашанцавала. Неяк давялося ўбачыць гэты дакумент у архіве каталіцкай семінарыі ў польскім Драгічыне, куды ездзіў, зацікаўлены лёсам кніжных збораў даваеннай Пінскай епархіі. Потым спецыяльна наведаў гэты адметны гарадок над Бугам, каб падрабязней пазнаёміцца з Лагішынскім Прывілеем. I, як заўжды, сустрэў цёплы прыём захавальніка архіва, у той час генеральнага вікарыя Драгічынскай епархіі Яўгена Бароўскага. Тэкст напісаны на тонка вырабленым пергаменце папольску з невялікімі ўстаўкамі па-лацінску. Усяго два аркушы.
Што высветлілася? Кароль Уладзіслаў IV па просьбе пінскага старасты князя Альбрэхта Радзівіла, выконваючы намеры лагішынцаў, дараваў «мястэчку нашаму Лагішынскаму ў Вялікім княстве Літоўскім… права Магдэбургскае з усімі прывілеямі, вольнасцямі на вечныя часы…». Дазвалялася пабудаваць ратушу і побач «мець гандаль і шынкі». Войт, выбарная службовая асоба, якая ўзначальвае самакіраванне, павінен быў выносіць на суд справы аб падпалах, пабоях, злачынствах, сямейных здрадах і нават чараўніцтвах. Для мястэчка ўстанаўліваліся штогадовыя двухтыднёвыя кірмашы: зімні – на Каляды, і летні – пачынаючы са свята апосталаў Пятра і Паўла.
Цікава даведацца пра каралеўскае прадпісанне наконт вырабу моцных напояў. Лагішынцы маглі гатаваць іх чатыры разы на год. А ў выпадку продажу — набываць (як падатак) свечачны воск для касцёла i царквы: каб за грэшнай справай не забываць пра святое. Дакумент за подпісам Уладзіслава IV складзены пісарам-рэферэнтам Марцінам Трызнам і «дадзены ў Кракаве на сейме ўсеагульным, каронным нашым дня 25 лютага 16…» Вось крыўдна! Апошнія лічбы года не чытаюцца. Пергамент пашкоджаны цёмна-карычневай плямай. Аднак, мяркуючы па даце сейма, хутчэй за ўсё, Грамата з’явілася ў 1643 годзе. Паспрабаваў высветліць, як Лагішынскі прывілей мог апынуцца ў архіве рэлігійнай установы. Па словах ксяндза-доктара Бароўскага, яму дакладна вядома толькі тое, што Грамата была сярод матэрыялаў курыі Пінскай епархіі, якая размяшчалася з 1945 па 1950 год у Бельску-Падляшскім. «Верагодна, яе нейкім чынам знайшоў і перадаў ва ўпраўленне епіскапа знаны ксёндз Ян Зея, які ў 1930-х гадах служыў настаяцелем лагішынскага касцёла, а потым працаваў ва ўстановах Пінскай епархіі», — апавядаў суразмоўца. Прывілей захаваўся ў арыгінале.
На пергаменце зроблены малюнак гербапячаткі «ва ўсіх справах сваіх употребімых». Перададзены дэталі ўпрыгожвання шчыта на ім – мудрагелісты воўк, які стаіць на ласіных нагах. Выява нібы нагадвае аб прыродным асяроддзі мястэчка. Навокал вялікія лясы, дзе ёсць воўчыя логавы, балоты, па якіх з буйных жывёл мог прайсці толькі лось. Дадзена штрыхоўка для графічнага малюнка. Гарызантальныя лініі адпавядаюць геральдычнаму блакітнаму колеру. Яго сімвалічнае значэнне – веліч, прыгажосць, яснасць. Сюды ж дададзім такія ўласцівасці жывёл, як хітрасць, асцярожнасць, здольнасць ваўкоў дзейнічаць разам, а таксама хуткія і моцныя ногі ласёў – такім чынам раскрыем сэнс герба. Атрымаем пасланне з мінулага ад людзей, якія мелі намер цвёрда стаяць на сваёй зямлі, разам імкнуцца да росквіту.
У сучаснай рэканструкцыі герба воўк апынуўся ў позе сабакі, які вые на месяц, ды яшчэ з падціснутым хвастом. Адно змяненне адбылося сёлета. Тое, што пры мастацкім афармленні фасадаў дамоў у Лагішыне пад герб змясцілі каласы, зразумець можна – хутка прыйдуць «Дажынкі». Але хто падкажа, чаму колер шчыта стаў чорным?
Вячаслаў ІЛЬЯНКОЎ.
Фота аўтара.