20.1 C
Пинск
Вторник, 17 июня, 2025
Пiнскi Веснiк
Общество

Алена ФАДЗЕЕВА: «…Не губляйце ў сэрцах дабрыні»

Перад ёю ніколі не паўставала пытанне: які шлях абраць у дарослым жыцці? Тое, што яна будзе выкладаць вучням у школе беларускую мову і літаратуру, Алена Аляксандраўна ведала яшчэ з дзяцінства.

Алена ФАДЗЕЕВА: «…Не губляйце ў сэрцах дабрыні»

Надта ж моцным быў эмацыянальны ўплыў на дзяўчынку яе любімага настаўніка, класнага кіраўніка Валянціны Мікалаеўны Кулак — поўная творчай энергіі, харызматычная, тая прывівала дзецям павагу да роднай мовы — сакавітай, выразнай, яскравай. Нібы таленавіты музыкант, кранала яна струны дзіцячай душы, у якой нараджалася чароўная мелодыя. Яна засталася ў сэрцы назаўсёды.

Іх клас у той час быў першым у горадзе, дзе беларуская літаратура выкладалася на паглыбленым узроўні. Колькі гадоў ужо прайшло, а ў памяці захаваліся і этнаграфічны куток у адным з кабінетаў, дзе хлопцы і дзяўчаты любілі разглядаць прылады працы палешукоў; і заняткі ў драматычным гуртку — шмат п’ес паставілі яны тады, асабліва ёй падабалася «Трыбунал» Андрэя Макаёнка.

Праз некаторы час пасля заканчэння сярэдняй школы №1 Алена Аляксандраўна зноў пераступіла яе парог. На гэты раз у якасці настаўніка. За плячыма засталася вучоба ў Пінскім педагагічным вучылішчы. Цяпер яна была студэнткай завочнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Максіма Танка — вучылася на факультэце беларускай мовы, літаратуры і культуры. Гаворыць, была на другім курсе, калі слова «культура» чамусьці «выпала» з назвы іх факультэта. Шкада…

Любімыя прадметы Алена Аляксандраўна выкладае ў роднай школе ўжо 25 гадоў. Чвэрць стагоддзя — немалы тэрмін. Цікаўлюся: сучасныя дзеці надта адрозніваюцца ад тых, з якімі яна пачынала пісаць сваю працоўную біяграфію? Не, яны, як і раней, розныя: спакойныя і нястрыманыя, выхаваныя і не вельмі, але зараз яны маюць больш магчымасцей — толькі інтэрнэт чаго варты, праўда, адзін з яго дапамогай імкнецца паглыбіць свае веды, другі — знайсці новую «цацку» ці пагутарыць у сацыяльных сетках. І ўсё ж гэта дзеці — даверлівыя, у нечым крыху наіўныя і бездапаможныя, у большасці з чыстай душой.

— Аднойчы на ўроку літаратуры прапанавала адзінаццацікласнікам напісаць мініяцюру на тэму «Што такое шчасце?». Ад некаторых іх роздумаў на вочы наварочваліся слёзы, — прызнаецца жанчына.

На яе думку, як і раней, перад настаўнікам усё тая ж трыадзіная мэта: навучыць, развіць, выхаваць. Каб пастаянна падаграваць цікавасць да сваіх прадметаў, Алена Аляксандраўна заўсёды шукае і, вядома ж, знаходзіць новыя формы заняткаў, у тым ліку з дапамогай разнастайных тэхнічных сродкаў, адкрывае для сябе і вучняў нестандартныя метадычныя прыёмы, пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства. Гэта прыносіць свае вынікі. І справа не толькі ў тым, што яе вучні не аднойчы выходзілі пераможцамі ў разнастайных конкурсах, у тым ліку і міжнародных, у алімпіядах; што выпускнікі паспяхова здаюць цэнтралізаванае тэсціраванне; што яна за сваю працу мае шмат узнагарод. Дарэчы, сёлета да Дня настаўніка яе «скарбонку» папоўніла Ганаровая грамата галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

— Неяк дзеці выконвалі чарговае заданне. Рабілі яго з такім захапленнем, што, калі зазвінеў званок, адзін з хлопцаў не стрымаўся: «У сэнсе: гэта што — ужо званок?» Такое шчырае расчараванне прагучала! Вось такія моманты дарагога каштуюць, — дзеліцца Алена Аляксандраўна.

Алена ФАДЗЕЕВА: «…Не губляйце ў сэрцах дабрыні»

На занятках, напрыклад, па беларускай літаратуры для настаўніка важна, каб дзеці не проста аналізавалі творчасць пісьменніка, але пры яе адзнацы мелі ўласную пазіцыю і не баяліся памыліцца. Гаворыць, выхоўвае дзяцей так, каб у любых абставінах яны заставаліся сабой. Вучыць іх жыццеўстойлівасці, але галоўнае — спачуванню, чалавечнасці, дабрыні. Дарэчы, у Алены Аляксандраўны нямала ўласных вершаў, дык вось, з адным з іх яна звярнулася да адзінаццацікласнікаў на выпускным вечары. Там ёсць такія цудоўныя радкі:

Аб адным прасіць
я буду слёзна:
Распалаючы жыцця агні,
І зімой, і летнім ранкам
росным
Не губляйце
ў сэрцы дабрыні.

На думку педагога, атмасфера дабрыні і сяброўства павінна панаваць сярод вучняў. Звычайна тыя адносіны, што фарміруюцца ў класе, хлопцы і дзяўчаты далей праецыруюць і ў працоўныя калектывы, таму вельмі важна першапачаткова будаваць іх правільна. Настаўнік для вучняў — старэйшы сябар. Менавіта старэйшы — аўтарытэтны, патрабавальны, больш мудры, з якім хочацца параіцца, на падтрымку якога пры неабходнасці можна разлічваць. Толькі ў такім выпадку паміж ім і дзецьмі нараджаецца нябачная сувязь, якая дазваляе танчэй адчуваць адзін аднаго.

— Я ледзь паспяваю пераступіць парог кабінета, а дзеці ўжо разумеюць: пажартаваць са мной ці лепш памаўчаць, — усміхаецца Алена Аляксандраўна. — Аднойчы маім вучням трэба было вывучыць верш «Зорка Венера» Максіма Багдановіча. Заходжу я ў клас, а яны пачынаюць спяваць мне песню на яго словы. Як было прыемна!

Спачатку ў рамках пазашкольнай дзейнасці настаўнік вяла этнаграфічны гурток, рыхтавала дзяцей, якія праводзілі з вучнямі экскурсіі — знаёмілі іх з самабытнай культурай, традыцыямі, побытам палешукоў, прыладамі, што выкарыстоўваліся нашымі продкамі. Потом, прызнаецца, захацелася нечага большага, і яна пачала весці літаратурнае аб’яднанне па інтарэсах, якое з задавальненнем наведваюць і вучні 5-х класаў, і дзевяцікласнікі, у якіх яна класны кіраўнік. Там дзеці знаёмяцца з творамі беларускіх пісьменнікаў, якіх няма ў школьнай праграме, дарэчы, адзін з апошніх — «Сонечны зайчык» Вячаслава Адамчыка; чытаюць вершы, перадаючы праз тэмбр голаса, інтанацыю, а таксама з дапамогай рухаў, жэстаў тыя эмоцыі, якія іх у гэты момант перапаўняюць; знаёмяцца з вершаскладаннем. Дзеці спрабуюць пісаць уласныя творы, і ў некаторых, праўда, пасля яе апрацоўкі, атрымліваецца вельмі нядрэнна.

— З задавальненнем дзяўчынкі і хлопчыкі складаюць сінквейны. Адна з тэхналогій развіцця крытычнага, асацыятыўнага мыслення, яна дапамагае раскрыць творчы патэнцыял дзяцей, — упэўнена педагог.

Восенню ўдзельнікам літаратурнага аб’яднання падабаецца шпацыраваць па парку альбо сядзець на пяньках у адным з куточкаў на школьным двары і чытаць любімыя вершы пра цудоўную залатую пару года. Гэта вельмі збліжае настаўніка і вучняў, робіць адносіны паміж імі больш цёплымі і шчырымі.

Я спытала ў Алены Аляксандраўны, хто з беларускіх пісьменнікаў ёй бліжэй. Высветлілася, што Іван Шамякін, творчасць якога захапляе інтрыгуючымі сюжэтамі, вострымі жыццёвымі тэмамі.

Мая гераіня — цудоўны чалавек: настаўнік, якога паважаюць калегі, любяць вучні; а яшчэ яна шматдзетная маці. Разам з Ягорам, Веранікай, Ціханам яны любяць глядзець фільмы, седзячы пад цёплым пледам, складаць карціны з тысячы пазлаў і ламінаваць іх скотчам — шмат сабралі іх за час пандэміі.

Напрыканцы педагог паведаміла, як яны з вучнямі працавалі над відэафільмам па матывах верша Анатоля Грачанікава «Экскурсія», як рабілі здымкі для асобных урыўкаў у Музеі Беларускага Палесся, на пінскіх вуліцах, каля мемарыяла воінамвызваліцелям. Прызнаецца, атрымала асалоду ад працы. А я адчула сапраўднае задавальненне ад знаёмства з цудоўным чалавекам, які сур’ёзна ставіцца да працы, дзяцей; ад яе мілагучнай і такой сакавітай беларускай мовы – як дзесьці прачытала, «любоўю продкаў тканай»…

Наталля КІРКАВЕЦ.
Фота прадстаўлена Аленай Фадзеевай.

Похожие новости

Родительская любовь – фундамент воспитания

pv

Новый административный комплекс налоговых инспекций в Пинске

pv

По новому асфальту прокатимся с ветерком

pv
ТГ канал