Народны каляндар: як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы
Першая назва свята, як мяркуюць, пайшла ад язычніцкага бога Грамоўніка, якому прыпісвалася ўтварэння веснавых навальніц і дажджоў. Пасля гэтага дня павінны страціць сваю ўладу змрочныя боствы зімы: «На Грамніцы – паўзіміцы» або «Як прыйдуць Грамніцы – скідай рукавіцы». У засеках памяншаўся запас збожжа, і гэты святочны дзень таксама выступаў у гаспадарцы са сваёй меркаю: «Грамніца – хлебу палавіца».
Другую назву – Стрэчанне, якая паходзіла ад царкоўнага «Сретенье», – народ тлумачыў як сустрэчу зімы з вясною.
Гэта пераломнае свята звязана з шэрагам метэаралагічных прыкмет. Найбольш пашыраная з іх выкарыстана ў паэтычнай мініяцюры: «Калі на Грамніцы певень з-пад страхі нап`ецца вадзіцы, то на Юр`я – вол пад`есць травіцы». Калі ж на Грамніцы здараўся вялікі мароз – снег павінен быў праляжаць нядоўга, а вясна і лета не абяцалі нічога добрага. Грамнічная мяцеліца прадказвала, што вясна затрымаецца даўжэй, чым звычайна, у выніку чаго вычарпаюцца запасы корму для жывёлы. Рэзкае пацяпленне надвор`я не давала селяніну разлічваць на прыбытак у полі і на агародзе: «Як на Грамніцы адліга – з ураджаю будзе хвіга». Пры адсутнасці адлігі можна было спадзявацца на пагоднае, сухое лета.
Свята знамянальна такім абрадам, як асвячэнне свечак у царкве. Грамнічныя свечкі асабліва шанаваліся ў народзе. Іх запальвалі з вераю ў дапамогу ў час навальніцы, каб маланка не спаліла хату; давалі паміраючаму чалавеку, каб полымя асвятляла яму шлях на той свет, ачышчала душу ад грахоў. Жыло ў народзе перакананне, што грамнічных свечак баіцца «нячыстая сіла», таму і вешалі іх ля ўваходу ў хлеў ці на стайню, каб, маўляў, ведзьмы не адабралі ў кароў малако і не заездзілі да смерці коней. Грамнічныя свечкі шануюць, іх нельга перадаваць у іншую сям’ю, нават родным і сваякам.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота аўтара
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
