Ну і марозна на двары… Шасейка блішчыць на сонцы, адлівае срэбрам і заманліва, імкліва бяжыць роўнай стужкай наперад. Пад’ехаўшы да будынка Малоткавіцкай амбулаторыі, я хуценька забягаю на другі паверх, дзе ва ўтульным кабінеце вядзе прыём урач агульнай практыкі Яна Іванаўна Якубчык.
… Хлопчык гадоў пяці, худзенькі, з шырокімі блакітнымі вочкамі цяжка дыхаў. Маці, яшчэ зусім дзяўчына, трымала яго на руках, суцяшала, каб малое не плакала. Яна Іванаўна паклала дзіця на кушэтку.
– Не бойся, мой харошы, не бойся… Скажы, дзе ў цябе баліць, а я вылечу… Хуценька ты будзеш гуляць…
– На вуліцы, з дзеткамі, – прашаптаў засмяглымі вуснамі хлопчык.
За спіной яна пачула, як усхліпвала маці.
– Ну, канешне, на вуліцы, мой слаўны хлопчык. Вунь колькі снегу намяло, будзеш з дзеткамі снежную бабу ляпіць, катацца на саначках.
Яна Іванаўна схілілася над хлопчыкам, гладзіла яго ручкі і шчочкі, адначасова аглядаючы і абмацваючы іх.
– Адкрый роцік, мой мілы, я пагляджу тваё горла.
– Ларынгіт, – паставіла дыягназ маладая ўрач. Бачыць яна такое не ўпершыню, але ўсё ж хвалюецца, бо гэта здароўе малога дзіцяці.
Яна Іванаўна абняла хлопчыка і ласкава папрасіла маці:
– Супакойцеся, калі ласка, усё будзе добра…
Яна Іванаўна нарадзілася ў вёсцы Калавуравічы. Пасля сканчэння сярэдняй школы дзяўчына паступіла ў Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на спецыяльнасць «лячэбная справа», дзе атрымала дыплом урача агульнай практыкі. У 2018 годзе была напраўлена адбываць інтэрнатуру ў Пінскую цэнтральную паліклініку, а праз год – урачом агульнай практыкі Малоткавіцкай амбулаторыі.
Тэрыторыя, якую абслугоўвае амбулаторыя, налічвае восем вёсак: Малоткавічы, Жабчыцы, Залессе, Дамашыцы, Сасновічы, Стахавічы, Дубае, Берказы і пасёлак Садовы. Усяго 4 600 чалавек, з якіх 831 – дзеці, 2 687 – людзі працаздольнага ўзросту, астатнія – пенсіянеры. Таксама ў вёсцы Дубае працуе ФАП. У амбулаторыі ўрача агульнай практыкі размяшчаюцца стаматалагічны, фізіятэрапеўтычны, акушэрскі кабінеты, лабараторыя, а таксама чатыры ложкі дзённага стацыянару.
– З часам я разумею, што да медыцыны мяне вёў лёс, – рассказвае Яна Іванаўна. – Яшчэ ў школьныя гады мне лёгка даваліся такія прадметы, як хімія і біялогія. Мне падабалася дакладнасць формулы і яе рашэнне. Мае настаўнікі казалі: «Яна, аб чым тут думаць, канешне, медыцынская вышэйшая ўстанова!» Так і атрымалася…
Галоўная апора ў жыцці маладога ўрача – гэта сям’я.
– У мяне добры муж, любімыя бацькі, якія мяне заўсёды падтрымліваюць, – расказвае Яна Іванаўна. – У нас выдатны калектыў; вельмі ўдзячна калегам за сумесную працу, за энтузіязм і жаданне ўкараняць новае. Наогул, за невялікі час працы ў медыцыне ўсё больш разумею, што самае большае дасягненне – гэта зносіны з людзьмі. Шчырая ўдзячнасць іх моцна грэе маё сэрца. І мне хочацца зрабіць як мага больш для людзей, якім патрэбна мая дапамога.
Яна Іванаўна шкадуе толькі аб адным: «Што ў сутках усяго 24 гадзіны».
– І хоць сплю я толькі шэсць гадзін, – смеючыся, расказвае маладая ўрач. – Астатніх 18 мне мала, таму што гэты час трэба раздзяліць паміж любімай працай і абавязкова знайсці хвілінку для маіх блізкіх…
– Якой вам бачыцца медыцына будучыні? – пытаюся.
– Вельмі хочацца думаць, што гэта будзе не тэлемедыцына. Я лічу, што павінны быць жывыя чалавечыя зносіны паміж урачом і пацыентам. Складана паставіць дыягназ на аснове тэлесеанса. Няхай удасканальваецца медыцынскае абсталяванне, — з’яўляюцца новыя дапаможныя сродкі для дыягностыкі, але кантакт лекар – пацыент застаецца ў рэальнасці.
Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ.
Фота аўтара.