Першым у раёне сярод маладых вадзіцеляў перавёз 1000 тон зерня механізатар ААТ «Ставоцкае» Сяргей Чарпак.
Малады чалавек прыйшоў на працу раней звычайнага, каб перад выездам у поле агледзець свой МАЗ. Але тут яго перапыніў механік і паклікаў да сябе ў кабінет.
– Добры дзень, Мікіта Андрэевіч!
– Добры, – падняў той галаву. – Сядай, Сяргей. – Паказаў на крэсла. – Рана ты нешта сягоння.
– Сядаць няма калі. Ехаць трэба, працаваць.
– Пачакай, тут цябе ва ўпраўленне гаспадаркі выклікаюць, да дырэктара.
– А чаго гэта? – спужана спытаў малады вадзіцель.
– Чаго-чаго – не ведаю, – усміхнуўся Мікіта Андрэевіч. – Нешта ж выклікаюць.
Глянуўшы на напружаны твар хлопца, паясніў:
– Вырашылі так, Сярожа. І ўсё тут, – яшчэ больш рассмяяўся механік. – Ідзі ўжо і не бойся… Яшчэ раней пазванілі і сказалі, што наш Сяргей Чарпак першым у раёне з маладых вадзіцеляў перавёз 1000 тон зерня. Так што ідзі ў кантору і прымай віншаванні ад начальства… Вось так, брат, вось такая справа. Не чакаў?..
Сяргей Чарпак нарадзіўся ў вёсцы Горнава. Затым разам з бацькамі пераехаў у Плешчыцы. Маці, Ірына Міхайлаўна, працавала ў ААТ «Плешчыцы» даяркай, а бацька, Мікалай Адамавіч, – жывёлаводам. Сяргей рос сціплым хлопчыкам. Яму пашчасціла нарадзіцца ў сям’і, дзе дарослыя паважалі адзін аднаго і сваіх дзяцей.
– Я атрымаў такое выхаванне, у аснове якога дабрыня, узаемаразуменне, падтрымка, павага адзін да аднаго, – дзеліцца Сяргей.
Пасля сканчэння Плешчыцкай СШ Сяргей пайшоў вучыцца ў Пінскі прафесійны ліцэй будаўнікоў на спецыяльнасць «аўтаслесар, вадзіцель». Крыху пазней адслужыў у арміі і адправіўся на працу ў ААТ «Ставоцкае» вадзіцелем. У гаспадарцы малады механізатар ужо каля пяці гадоў.
– Мне падабаецца працаваць у сельскай гаспадарцы. Канешне цяжка: ідзеш на працу з узыходам сонца, а вяртаешся дадому, калі ўжо сцямнела. Можна сказаць, што жывеш патрэбамі гаспадаркі, – дзеліцца Сяргей. – Але любоў да справы, якой займаешся, усё пераадольвае.
За гэты час Сяргей абзавёўся сям’ёй. Жонка Юлія і сынок Паўлік сталі самымі дарагімі для маладога мужчыны людзьмі. Юлія працуе намеснікам загадчыка гаспадаркі дзіцячага ясляў-сада № 42. Яго наведвае і трохгадовы Паўлік.
…Юлія паглядзела на мужа, і ёй успомнілася, як Сяргей прыходзіў з работы ўвесь прапахлы полем і бензінам, са стужкай саломы ў русявай капе валос. А ў нядзелю часта да Сяргея наведваўся яго механік. Гаварылі аб розным, у тым ліку аб справах у гаспадарцы. Часцей за ўсё Мікіта Андрэевіч расказваў, а Сяргей слухаў – моўчкі, сур’ёзна. У гэты час жанчына не зводзіла вачэй з мужа, прагна ўглядалася ў яго твар, дарагі да самай маленькай рыскі. Пагутарыўшы, механік уставаў і звяртаўся да Юліі: «Вось што… Добры ў цябе муж, Юля, добры… Выйдзе з яго чалавек».
Разам уся сям’я любіць ездзіць на рыбалку, гатаваць шашлыкі, а яшчэ гуляць у настольныя гульні.
– Калі вечарам, пасля доўгага рабочага дня ўсе збіраюцца разам, у доме не сціхае «мамачка-татачка», – з усмешкай расказвае Сяргей.
А ўвогуле, кожны дзень у гэтай сям’і праходзіць незабыўна.
– Я стараюся больш увагі ўдзяляць сыну – для хлопчыка бацькава слова асабліва важнае, – разважае Сяргей.
Каля свайго дома мужчына пасадзіў сад. І калі выпадала хоць адна вольная хвілінка, Сяргей ішоў туды і браў з сабою Паўліка. Бацька вучыў сына, як правільна даглядаць за яшчэ зусім маладзенькімі дрэўцамі, каб яны выраслі здаровымі і прынеслі людзям як мага больш карысці.
– Ведаеш, калі наш сад падрасце, у ім з’явяцца першыя яблычкі. Такія салодкія і ружовыя. Над імі будуць весела кружыць пчолы, а цёплы ветрык будзе шапацець лісцем…
Мужчына гаварыў з такім натхненнем, што хлопчык не мог адвесці ад яго сваіх даверлівых дзіцячых вочак.
– Я хачу, каб наш сад хутчэй вырас, – уздыхнуў Паўлік.
– Вырасце! Толькі трэба не ляніцца і паліваць дрэўцы. Вось такой парой, як зараз… Пойдзем пальём?
– Пойдзем.
Паўлік хуценька падабраў з зямлі дзіцячую машынку, жвава ўстаў. Сяргей узяў сына за руку, і яны пайшлі ў дом за вядзёркамі.
Таццяна ПАЛХОЎСКАЯ.
Фота аўтара.