9.2 C
Пинск
Вторник, 7 октября, 2025
Пiнскi Веснiк
АктуальноПинщина в лицах

Няхай натхняе родная мова – пявучая, мілагучная

У верасні 2025-га споўнілася 30 гадоў, як у сярэднюю школу № 1 прыйшла працаваць настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Любоў Райчук.Няхай натхняе родная мова – пявучая, мілагучная

Яна ўпэўнена: таму шанцуе, хто працуе — без намаганняў дабіцца поспеху ў жыцці не атрымаецца. Яе вучні добра разумеюць, што выдатныя адзнакі могуць быць вынікам толькі стараннай працы дома і на ўроку. Вось дзеці і стараюцца. Большасць з іх у дзясятым класе выбірае ў якасці профільнага прадмета беларускую мову, прычым рыхтуюцца да здачы ЦЭ і ЦТ на занятках, факультатыве, без аніякіх рэпетытараў. Колькасць атрыманых балаў у некаторых перавышае 90.

Любоў Антонаўна прызнаецца, што, калі ўпершыню пераступіла школьны парог, было страшнавата. Яна тады вучылася на філалагічным факультэце Брэсцскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, які скончыла завочна, і была старэйшай за сваіх вучняў усяго на пяць-шэсць гадоў. Але ўстановай адукацыі ў той час кіравала Валянціна Кулак – таленавіты настаўнік, цудоўны чалавек. Маладых педагогаў яна, як кажуць, узяла пад сваё крыло – тлумачыла, як правільна будаваць урок, як весці яго, каб дзецям было цікава. А яшчэ запрашала калег прымаць удзел у розных мерапрыемствах, і дзяўчаты, напрыклад, с задавальненнем спявалі ў школьным хоры.

Любоў Райчук удзячная таксама былым намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце Ніне Якаўлеўне Літвінчык і Валянціне Васільеўне Валуй, якія заўсёды падтрымлівалі і дапамагалі.

— За гады настаўніцкай працы пазнаёмілася з разнастайнымі тэхналогіямі: педагагічнай майстэрні, крытычнага мыслення, актыўнай ацэнкі, рознаўзроўневага навучання, — адзначае Любоў Антонаўна, — тым не менш усё роўна схіляюся да метадаў традыцыйных. У выхаванні – гэта асабісты прыклад, даверлівыя гутаркі, стымуляванне, дзе трэба, прымус, а таксама развіццё ўнутранай матывацыі.

Дарэчы, Любоў Райчук уваходзіла ў творчую групу настаўнікаў, якой пэўны час кіравала. У выніку ўбачыла свет кніга “Матывацыйная дзейнасць настаўніка на ўроках беларускай мовы”.

Любоў Антонаўна з задавальненнем рыхтуе сваіх вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе, і тыя выступаюць паспяхова. Яе сын Аляксандр, які вучыцца пакуль у сёмым класе, таксама ўдзельнік і пераможца гарадской алімпіяды па беларускай мове.

Сапраўдным рэлаксам для жанчыны, як сама кажа, з’яўляецца сельскагаспадарчая праца. Ёсць у сям’і дача, дзе яна вырошчвае памідоры, агуркі, іншую гародніну, а яшчэ кветкі – хрызантэмы, ружы, лілеі. У нядзелю Любоў Антонаўна абавязкова наведвае Свята-Феадораўскі храм, імкнецца не прапускаць службу.

Але надыходзіць новы дзень, і яна спяшаецца на працу. Каб заўсёды жыла беларуская мова – пявучая і мілагучная, гаварлівая і гарэзная. Каб з любоўю і павагай адносіліся да яе дзеці.


Калі любімы настаўнік яшчэ і сапраўдны сябар

Няхай натхняе родная мова – пявучая, мілагучнаяДар’я Рэбкавец і Максім Сінявец, вучні 10 класа СШ № 1:

— З Любоўю Антонаўнай мы разам з пятага класа. За гэтыя гады яна стала для нас не толькі любімым выкладчыкам, але і сапраўдным сябрам. Настаўнік заўсёды старанна рыхтуецца да ўрокаў, цікава і даступна тлумачыць матэрыял, дапамагае кожнаму з нас раскрыць свае здольнасці. Дзякуючы яе заняткам мы яшчэ больш палюбілі нашыя родныя мову і літаратуру. З гэтага года Любоў Антонаўна — наш класны кіраўнік, які заўсёды падтрымлівае ў цяжкіх сітуацыях, дапамагае вырашаць праблемы і з вучобай, і асабістыя. Чалавек яна вельмі добразычлівы, справядлівы і спагадны. Яе прыклад натхняе нас быць лепшымі і шанаваць кожнага, хто побач.

Наталля Кіркавец

Фота аўтара

🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Похожие новости

Капитан милиции Евгений Дрозд: путь от мечты до профессионального оперативника

pv

В субботу Брестчина отметила главный праздник хлеборобов — «Дожинки»

pv

Дебошир с ружьем, угон лодки, киберпреступники. О службе рассказал оперуполномоченный Илья Ковалевич

pv
ТГ канал