-1.5 C
Пинск
Среда, 25 декабря, 2024
Пiнскi Веснiк
80-летие освобождения Беларуси Пинщина в лицах

Iван Калоша. Чалавек і настаўнік з вялікай літары

Чалавек і настаўнік з вялікай літары

Асоба, якую сёння ўзгадаем знакавая для вялікай колькасці людзей, бо паўплывала на іх жыццевы шлях і, канечне, у цэлым для Піншчыны. Іван Калоша стаяў ля вытокаў захавання і папулярызацыі памяці пра пінскі перыяд Якуба Коласа. Прыклаў шмат намаганняў, каб у Пінкавічах з’явіўся літаратурна-краязнаўчы музей у гонар песняра Беларусі.

Іван Калоша
Іван Калоша на адкрыцці літаратурнага музея Яўгеніі Янішчыц у вёсцы Парэчча, 21 лістапада 1998 год. З фондаў музея.

Апантанны краязнаўствам

Акурат 20 верасня ў Пінкавічах на творчы вечар з нагоды 95-годдзя Івана Іосіфавіча Калошы сабраліся вучні, калегі і паслядоўнікі, каб разам узгадаць яго.

Наш герой з’явіўся на свет 18 верасня 1929-га ў вёсцы Нагорнае Баранавіцкага раена. Для многіх гэты факт з’яўляецца адкрыццём, бо не пінчук, а пра наш край ведаў больш, чым мясцовыя, і вельмі ганарыўся Піншчынай.

Сюды Іван Іосіфавіч прыехаў напачатку 1960-х і да пенсіі працаваў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Пінкавічах. Роднае Нагорнае не забываў. У сярэдзіне 1990-х выдаў кнігу гісторыі малой радзімы.

Пасля заканчэння педінстытута Калоша некаторы час працаваў у школе вескі Сноў Нясвіжскага раена. Малады настаўнік, схільны да паэзіі, краязнаўства і збірання фальклору, добра паказаў сябе перад вучнямі. Каласальна паўплываў на школьніка Толю, які потым стане першым міністрам інфармацыі Беларусі, дыпламатам, пісьменнікам Анатолем Бутэвічам. Там жа вучыўся і будучы прэм’ер-міністар Міхаіл Мясніковіч.

«Перш за ўсё, з вялiкай удзячнасцю ўзгадаў бы добрых людзей, якiя сустракалiся ў жыццi. Дзякуючы iм я стаў тым, хто ёсць. Некалькi прыкладаў. У Сноўскай сярэдняй школе, куды  перайшоў пасля Вялiкалiпаўскай васьмiгодкi, былi дзве адметныя асобы: настаўнiк беларускай лiтаратуры Iван Iосiфавiч Калоша i настаўнiк чарчэння Пётр Iванавiч Пазняк. Яны, апантаныя краязнаўствам, далучалi да гэтага i нас. Былi зорныя паходы, турыстычныя злёты. Летам на веласiпедах ездзiлi па весках, збiралi легенды i паданнi, гiстарычныя звесткi. У рэшце рэшт у Сноўскай сярэдняй школе з’явiўся музей, якi iснуе да гэтага часу. Любоў да краязнаўства, я сказаў бы, да радзiма-знаўства прывiлi мне менавiта гэтыя настаўнiкi. З Iванам Iосiфавiчам мы пiсалi краязнаўчыя матэрыялы ў раённую газету. Цяпер краязнаўства назаўсёды са мной…», – з успамінаў Анатоля Бутэвіча.

Працуючы ў Снове, Калоша дэбютаваў з краязнаўчымі нататкамі ў мясцовай газеце. Гэта стала пачаткам даследчай дзейнасці. Пасля Снова быў яшчэ карацейшы перыяд працы ў Лемяшэвічах Пінскага раена, і неўзабаве ініцыятыўнага настаўніка прынялі Пінкавічы.

Немагчыма пакінуць без увагі яшчэ адзін успамін пра нашага героя. Ім падзілілася Аліна Пахваленная, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея «Невычэрпная крыніца гісторыі» сталічнай гімназіі № 25 імя Рымы Шаршневай: «Калі прыйшла вучыцца ў Сноўскую школу, там ствараўся гісторыка-краязнаўчы музей. Іван Іосіфавіч прыносіў экспанаты з музея на заняткі па беларускай мове і літаратуры, якія і без таго былі вельмі жывымі і эмацыйнымі. Хацеў зрабіць іх яшчэ больш займальнымі і пазнавальнымі. Ведаеце, на сваіх уроках беларускай мовы і літаратуры да гэтай пары раблю тое ж самае! Любоў да калекцыянавання, якая ў мяне захоўваецца па сённяшні дзень, таксама ўзнікла ў той час. Іван Іосіфавіч у маім жыцці — гэта вельмі яркая фігура, сапраўды настаўнік ад Бога».

Са скрыпкай па жыцці

Скрыпка і напрацаваны досвед – усё, што з сабой на Піншчыну ўзяў Калоша. Мэтанакіравана асвоіў інструмент, каб дзяліцца мастацтвам з вучнямі. Яго ўрокі не праходзілі – праляталі. Вершы, апавяданні пад скрыпку зачароўвалі дзяцей і лёгка запаміналіся.

На гэты конт неяк трапна выказалася заснавальніца парэцкага Народнага музея імя Яўгеніі Янішчыц Антаніна Сідарук: «Памятаю адкрыты ўрок раённага значэння. Іван Іосіфавіч бярэ скрыпачку і ўсё, як прайшоў час, нічога не адчуваецца. Урок льецца, веды разам з мелодыяй. Гэта талент! Скрыпка – яго душа. Наогул мы заўсёды трымаліся разам на ўсіх сходах педагогаў нашага раёна. Нас аб’ядноўвала яшчэ і тое, што ён займаўся музеем Коласа, а я – Янішчыц».

У Пінкавічах наш герой прапрацаваў настаўнікам звыш дваццаці гадоў і трынаццаць – дырэктарам народнага літаратурна-краязнаўчага музея імя Якуба Коласа. За гэты час для мясцовых ён стаў цалкам сваім. Любоў і павага былі ўзаемнымі.

Пры школе арганізаваў гурток паэзіі «Маладыя класікі». У ім займаліся вучні, якія хацелі паспрабаваць сябе ў лірыцы. Выхаваў дзясяткі пераможцаў алімпіяд, конкурсаў чытальнікаў. Яго вучні пастаянна ўдзельнічалі ў святах вескі, мерапрыемствах, прысвечаных Коласу. Па ўласнай ініцыятыве падрыхтаваў некалькі вершаваных альманахаў дзіцячай творчасці. З гуртка вырасла беларуская даследчыца, дацэнт БДУ, літаратар Любоў Тарасюк. На жаль, наша таленавітая зямлячка заўчасна памерла, але пакінула пасля сябе вялікую навуковую спадчыну.

Бацька навукоўцы Канстанцін Тарасюк дзяліўся такім фактам: «Аднойчы прыйшоў у школу. Сустракаю Івана Іосіфавіча Калошу, а ён адводзіць мяне ў бок.  Акуратна, але з такім трапятаннем, кажа, што мая дачка схільная да паэзіі, да навукі, маўляў, не адштурхвайце яе ад гэтага. Гэта яе, яна знойдзе ў гэтым сябе і будзе нам удзячная. Так усё і склалася! Калоша займаўся з ёй і пасля ўрокаў, заўсёды пры сустрэчы гаварыў яму шчыра, ад усяго сэрца – дзякуй!».

Як ствараўся музей

Да вывучэння мінулага Пінкавічаў Іван Іосіфавіч прыступіў літаральна па прыездзе. У 1964-м пры ягоным удзеле ў мясцовай школе з’явіўся куток Якуба Коласа. З гэтага часу пачаўся збор успамінаў, фальклору. На дапамогу прыйшлі вучні ды калегі. Да справы актыўна далучыўся настаўнік гісторыі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Новік.

Бясконцыя паездкі, камандзіроўкі па архівах, перапіскі і сустрэчы са сваякамі Коласа, а таксама сотні запісаных успамінаў урэшце далі вынік. Паралельна атрымалася выдаць некалькі брашур і апублікаваць шэраг артыкулаў пра Пінкавічы. Адно з цікавых выданняў – «Успаміны Марыі Хіхлюк». Акрамя гэтага, Калоша падрыхтаваў «энцыклапедыю Пінкавічаў», так ён называў рукапіс падрабязнай гісторыі сяла. На жаль, выдаць яе пры жыцці не здолеў. Кніга «Пінкавічы і Вішавічы: мінулае і сучаснае» пабачыла свет пяць гадоў таму дзякуючы вучням.

У лістападзе 1990-га адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа. Без перабольшвання трэба сказаць, што Калоша ўклаў у музей душу. Да 2003-га з’яўляўся дырэктарам установы і асабіста праводзіў экскурсіі.

«Што адчувае маці, калі ў яе забіраюць сына? Тое ж адчуваю, і я», – такім быў адказ Калошы на пытанне аўтара гэтых радкоў, як яму пакідаць музей. Так, вядома, яму было ўжо за 70 гадоў і пачало падводзіць здароўе, але чалавек жыў гэтым. Івана Калошы не стала 28 кастрычніка 2010-га. Свой адвечны спачын ён знайшоў на гарадскіх могілках, што ў вёсцы Пасянічы.

Экскурсавод Таццяна Хвагіна аднойчы сказала: «Вядома, пенсія яго падкасіла, хоць лічыцца, што гэта ганаровы, заслужаны адпачынак, але яму праца была адпачынкам. Тым больш, што гэта яго стварэнне, я яго разумею. Але заўсёды і ўсяму ёсць канец. З гэтым ён відавочна не пагадзіўся і зачыніўся ў сабе. Як бы там ні было, ён стварыў музей, і гэта сапраўды вялікая справа. Ведаеце, бываюць музеі велізарныя, такія багатыя, але там няма таго, што ўдалося Калошы. Асаблівая атмасфера, душа стваральніка ў ім».

Наша ўдзячнасць

Есць такі філасофскі выраз, што чалавек памірае тады, калі пра яго забываюць. Жывая памяць у народзе пра выбітнага настаўніка, краязнаўца, але хочацца, каб было і штосьці матэрыяльнае. Напрыклад, у вёсцы з’явілася б вуліца імя героя артыкула ці мемарыяльная дошка… У любым выпадку, вырашэнне гэтага пытання ўжо цалкам залежыць ад вучняў, калег і паслядоўнікаў.

Дзмітрый КІСЕЛЬ, магістрант гістарычнага факультэта

БрДУ імя А.С. Пушкіна

Оставить комментарий

Похожие новости

Золотых юбиляров совместной жизни торжественно чествовали в районном загсе

pv

Александр Царюк: «Многолетний опыт, высокая квалификация, ответственное отношение к делу, современные технологии – составляющие успеха Пинских теплосетей»

pv

Владимир ЗАБАВНЮК: «От нашей ответственности зависит благополучие многих людей»

pv

Вы не можете скопировать содержимое этой страницы

ТГ канал