Четверг, 8 декабря, 2022
Пинск и Пинчане

Іван Дарашэнка: «Я ганаруся, што нарадзіўся на Палессі»

«Я ганаруся, што нарадзіўся на Палессі» – гэта радок з песні «Сталіца Палесся» ў стылі рэп маладога таленавітага пінчука Івана Дарашэнкі ў суаўтарстве з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 8 г. Пінска» М.У. Ульянчык. Рэліз яе кампазіцыі на сваім ютуб-канале Ivan Doroshenko прысвяціў 925-годдзю роднага города і нагадаў: беларускі рэп жывы, моцны, гучны і здольны натхняць. Ацанілі творчасць Івана і шматлікія карыстальнікі сацыяльнай сеткі Цік-ток. Змест песні вяртае ў мінулае, распавядае пра сучаснасць, у ёй патрыятычныя матывы і бясконцая любоў да спадчыны малой радзімы.

Апантанага прагай да творчасці юнака мы запрасілі ў рэдакцыю «ПВ».

– Раскажы, калі ласка, нашым чытачам пра сябе.

– Мне 18. Свой творчы шлях пачаў з 13 гадоў. Займаюся музыкай, напісаннем вершаў і артыкулаў пра тэхналогіі, відэаблогінгам. Калі ёсць час, люблю рабіць фотаздымкі Пінска і пінчукоў. Сёння, зразумела, мая галоўная задача – атрымаць годную адукацыю. Таму з усёй сур’ёзнасцю і адказнасцю стаўлюся да заняткаў у каледжы мастацтваў, дзе вучуся на спецыяльнасці «Народная творчасць (народныя абрады і святы)». Пасля яго заканчэння буду арганізатарам культурна-дасугавай дзейнасці, рэжысёрам народных абрадаў і святаў.

У 2019 годзе ў школе № 8 праходзіў конкурс вершаў, прысвечаны Дню роднай мовы. Я падумаў, а што, калі я напішу свой тэкст і пакладу яго на музыку. Мяне падтрымала настаўніца беларускай мовы Любоў Пятроўна Крыльчук. Сумесная праца прывяла да выдатнага выніку. У горадзе была сенсацыя: школьнік чытае рэп на беларускай мове! Потым узяў перапынак і ўжо толькі ў 2021-м вярнуўся ў творчасць з рускім альбомам «Рэп уже не тот». У ім я выказаў думкі пра тое, якім бачу гэты накірунак у музыцы.

– Рэп на беларускай мове, сапраўды, экзотыка. Чаму ты аддаеш перавагу менавіта яму?

– Калі мне было дзевяць гадоў, я пачуў амерыканскі рэп. Гэта былі ўсім вядомыя Eminem (Эминем), Fifty Cent (Фіфці Сэнт), Snoop Dogg (Снуп Дог), Dr. Dre (Доктар Дрю) і іншыя выканаўцы. Потым зацікавіла сама рэп-культура, у тым ліку і беларуская. Я шукаў біяграфічныя звесткі пра кожнага з артыстаў, глядзеў дакументальныя фільмы.

Для мяне рэп – спосаб самавыяўлення. Таленавітыя музыканты зараджаны энергіяй, іх песні напоўнены сэнсам. Спадзяюся, і мае слухачы адчуваюць тое ж самае.

– Дзе можна паслухаць музыку, якую ты ствараеш?

– Мае трэкі размешчаны на ўсіх лічбавых музычных пляцоўках. Таксама мяне часта запрашаюць выступіць на «Пінскай пешаходцы». Улетку я прымаў удзел у фестывалі «Зоры над Пінай».

– Як ты знаходзіш тэмы для сваіх трэкаў?

– Часцей за ўсё нечакана да мяне прыходзяць слова ці радок, а потым нараджаецца і песня. Таму заўсёды са мной нататнік і ручка. Пішу больш за ўсё ноччу. Тэмы розныя. Няма такога, што саджуся і думаю: «Так, сёння трэба напісаць песню пра Пінск». Сумна, калі ёсць натхненне і думкі, а магчымасці запісаць іх няма.

– Калі не развіваць свой талент і не прыкладаць да гэтага ніякіх намаганняў, нават самы вялікі дар з часам сыдзе на нішто. Здольнасці без працавітасці нічога не вартыя, гэта толькі надзея, адкрытыя дзверы, у якія можна ўвайсці дзякуючы руплівай працы. Для адораных людзей уласцівы свядомасць учынкаў і дзейсны падыход, што дапамагаюць дасягаць усё новых вяршынь у розных сферах. Атрымліваецца, што чалавек паспяховы толькі ў тым выпадку, калі ён шчыра верыць у свае сілы і нястомна працуе над сваім майстэрствам. Характэрна гэта для цябе?

– Канешне. Я чалавек, які знаходзіцца ў стане пошуку сябе. Мне цікава адкрываць новае і пашыраць свой кругагляд.

Ты пацверджанне таго, што таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Ты ствараеш крэатыўныя відэаролікі, у цябе атрымліваюцца прыгожыя фотаздымкі, вершы, якія высока адзначаны журы конкурсаў.

Што цябе натхняе?

– Для многіх блогераў, артыстаў мэта – набраць больш праглядаў, больш «лайкаў». І ў такіх умовах зрабіць нешта сапраўды знакавае вельмі складана. Я за гэтым не ганюся. Але, прызнаюся, прыемна, калі мае ролікі атрымліваюць шмат праглядаў і каментарыяў.

– Дзякуй, Іван. Поспехаў табе і надзейных сяброў-аднадумцаў.

Алена ДАБРАВОЛЬСКАЯ.
Фота з асабістага архіва І.Дарашэнкі.

Дарэчы

Рэп або выкананне рэпу – музычная форма вакальнай падачы, якая ўключае ў сябе рыфму, рытмічную гаворку, якая выконваецца або вымаўляецца нараспеў рознымі спосабамі, як правіла, пад фонавы біт або музычны акампанемент.



Похожие новости

«Навигатор»: 15 лет драйва и потока эмоций

P-V2020

Пинчанин Артём Белый вошел в состав команды подопечных Сергея Соседова на “Фактор.by”

P-V2020

Дальнобойщик по имени Анна

P-V2020

Оставить комментарий

Чат