Сёння ў гасцёўні нашай рэдакцыі пісьменніца Галіна Лазіцкая.
Галіна Іосіфаўна – адна з пастаянных удзельніц літаратурнага клуба «Пінчукі», які дзейнічае пры цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Янішчц. Яна жаданы госць творчых вечарын у бібліятэках і школах. Маючы дваіх сыноў, сем унукаў і нават праўнучку, яна застаецца прыгожай жанчынай і цудоўным чалавекам, які любіць родную зямлю і памятае свае карані.

Карані
Галіна нарадзілася ў вялікай сям’і ў вёсцы Сінін Пінскага раёна. Ёй запомнілася, як тата браў гармонік, і ўсе разам – бацькі і пяцёра дзяцей – спявалі.
– За тым часам, калі я была яшчэ маленькая, у вёсцы не было нават радыё. Мабыць, таму людзі вельмі любілі спяваць, — успамінае пісьменніца. – Калі тата граў на гармоніку, то ўсе збіраліся ў гурт. Ці то было свята, ці чакалі кароў з пашы, ці проста пасля працы мужчыны і жанчыны рабілі сабе культурны адпачынак – заводзілі спевы, танчылі. Пераважна парамі танцавалі – вальс, кракавяк і іншыя. А яшчэ мой дзядуля расказваў нам казкі. Гэта запомнілася на ўсё жыццё, адлюстравалася недзе ў душы.
Пісьменніца адзначыла, што на станаўленне яе асобы таксама паўплываў школьны настаўнік рускай мовы і літаратуры Іван Пятровіч Канановіч. Ён вельмі любіў вершы, натхнёна іх дэкламаваў. Урокі настаўніка западалі ў душу, з’яўляўся палёт фантазіі, хацелася марыць, у галаве нараджаліся вобразы, якія пераўтвараліся ў радкі. Тыя – у вершы. Дарэчы, дзяўчынка многа чытала. У тым ліку і газеты, якіх у савецкі перыяд жыхары вёсак і гарадоў краіны выпісвалі мноства. Сярод іх Галіна знаходзіла «Палескую праўду», бо там друкаваліся вершы мясцовых паэтаў. «Вось бы ўбачыць сапраўднага жывога паэта», — марыла дзяўчынка. Прозвішчы усіх, хто друкаваўся ў мясцовай прэсе, яна ведала на памяць. Такія людзі здаваілся іншаземцамі.
З паступленнем у 1983 годзе ў сельскагаспадарчы тэхнікум на заатэхніка летуценнасць дзяўчынкі скончылася. Марыць проста не было часу. Вучоба, праца, сям’я і дапамога бацькам былі ў прыярытэце.
Са студзеня 2014 года Галіна Лазіцкая працуе ва УАЗ «Пінская цэнтральная бальніца».

Муза вярнулася зноў
З 2008 года Галіна Лазіцкая пачала сур’ёзна займацца літаратурай, і ў 2013-м некалькі вершаў увайшлі ў склад калектыўнага зборніка пінскіх паэтаў «Созвездие любви». Друкавалася ў газетах «Пінскі веснік», «Палеская правўа», «Заря», «Народная трыбуна», «Сельская газета», «Знамя юности», часопісе «Гаспадыня». Пазней паспрабавала свае сілы ў прозе.
У 2017 годзе Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі выказала Падзяку за папулярызацыю твораў на беларускай мове.
Па выніках конкурсу «Кароткае апавяданне–2017», абвешчанага Брэсцкім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі, стала пераможцам.
У 2019 годзе выйшла ў свет першая аўтарская кніга паэзіі і прозы «Прайсці поруч».
Па выніках рэспубліканскага конкурсу творчых пісьмовых работ «За што я люблю родную зямлю» Галіне Лазіцкай прысуджаны дыплом у намінацыі «Краязнаўчы дагляд».
У X адкрытым літаратурным конкурсе клуба «Катарсіс» Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта ў намінацыі «Проза» заняла першае месца. Быў уручаны дыплом пераможцы і спецыяльны дыплом члена журы Руслана Казлоўскага.
У снежні 2021-га атрымала дыплом I ступені ў намінацыі «Мова маёй зямлі» па выніках Рэспубліканскага конкурсу творчых работ, прысвечаных Году народнага адзінства. У тым жа годзе ў чацвёртым выпуску альманаха «Берасцейская скарбніца» былонадрукавана конкурснае апавяданне «Проста доктар».
Мой край
Грудзі поўніць гонар, радасць хвалі:
Прада мною родны, мілы край.
Не заманяць казкай былі-далі,
Як не скажаш здраднага «бывай».
Да цябе ў любові вырасталі,
Песціў нас, да волі гартаваў
Край, дзе мары плёнам акрыялі,
Дзе надзеям нашым паспрыяў.
Любы край, цябе не спішуць у Лету,
Тваю шчодрасць славяць землякі,
Існа дбаюць, шчыра ўносяць лепту,
Каб ты стаў адзіным на вякі.
Першы гром
Пярун у гневе кідае маланкі,
Паўсюль разносіць рэха моцны гром.
Жыва прыкмета ў клопаце сялянскім:
«На дрэвы голыя – не да ўраджая ён!»
Былі б яны ў вопратцы зялёнай,
Тады б і слаў грымоты на зямлю.
Касяк дажджу прагнаў бы скрозь па гонях,
Каб наталіць зляжалую раллю.
— Ды дай жа, Божа, будзем з ураджаем!
І літасці, дабра будзем чакаць.
— Прыкмета што ж?
— Хай ліха нас мінае,
Нябёсам, пэўна, лепш за нас відаць!
Алена Жук
Фота прадастаўлена Галінай Лазіцкай
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
