28 августа, Пінск /ПВ/28 жніўня праваслаўныя веруючыя адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы – адно з найвялікшых двунадзясятых свят.
Гэты дзень здаўна лічыўся мяжой паміж летам і восенню, часам падвядзення вынікаў гадавой працы на зямлі. Свята мае мноства народных назваў: Вялікая Прачыстая, Першая Прачыста, Спажа, Аспажа, Спленне, Зельная, Дажынкі, Талака.
Калі Яблычны Спас славіцца асвячэннем садавіны, то Успенне – асвячэннем хлеба. З асаблівай павагай ставіліся да каравая з новага ўраджаю. Казалі: «Прачыстая прынясе хлеба чыстага», «Свята Прачыста – поле ўрачыста», «Спажа – хлеба дзяжа». Асвячонае ў царкве жыта захоўвалі да новай сяўбы, каб яно добра расло. Разам з хлебам свяцілі кроп, пятрушку, кмен.
У дзень Успення зямля лічылася імянінніцай. Таму па ёй нельга было хадзіць басанож, а тым больш утыкаць вострыя прадметы – калы ці рыдлёўкі. Цяжкая праца ў полі таксама была пад забаронай – каб не пакрыўдзіць зямлю. Замест гэтага людзі ішлі ў царкву на набажэнства. Затым праводзілі кірмашы і гулянні, частавалі бедных суседзяў.
У гэты дзень пачыналі саліць агуркі і квасіць капусту, таму свята называлі яшчэ і Саленнем.
Прыкмецілі: калі 28 жніўня іней – восень будзе кароткай, а зіма доўгай і марознай. Туман у гэты дзень – на багаты ўраджай грыбоў.
Навальніца прадказвала дажджлівую і раннюю восень, а цёплае надвор’е – прахалоднае бабіна лета.
З гэтага дня пачыналася «маладое бабскае лета», якое доўжылася да 11 верасня. Гаспадары спяшаліся не толькі дажаць хлеб, але і ўзараць поле пад азіміну. Невыпадкова пыталі: «Успенне – ці гатова насенне?». Капалі бульбу, пра што сведчыць прыказка: «Спленне – цягні бульбу за карэнне».
Падрыхтавала Алена Брыч
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
