Пинск /ПВ/ 31 мая праваслаўныя вернікі адзначаюць дзень Святой Тройцы — адзін з дванаццаці галоўных хрысціянскіх святаў, якое славіцца сваімі абрадамі і традыцыямі.
У храмах, упрыгожаных бярозавымі і кляновымі галінамі, аерам, здзяйсняецца адна з самых урачыстых і прыгожых службаў у годзе. Пасля літургіі адбываецца вялікая вячэрня і чытаюцца малітвы.
Народная назва свята Тройцы – Сёмуха. Так называлі нядзелю, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасля Вялікадня. Гэта старажытнае земляробчае свята славянскіх народаў. Яно супадае з заканчэннем веснавых палявых работ. Святкуецца Сёмуха тры дні. У гэты час ладзяць гульні, карагоды, плятуць вянкі, потым бывае агульнае частаванне.
Траецкі цыкл з’яўляўся выключна жаночым, галоўнае месца і найважнейшыя ролі ў якім належалі дзяўчатам шлюбнага ўзросту і маладым жанчынам. Таму адбывалася кумаванне, спраўлялася шмат вяселляў. Дзяўчаты адпраўляліся ў лес «завіваць бярозкі», бралі пры гэтым ежу і напоі, спявалі сёмушныя песні пра каханне і шлюб. На Сёмуху плялі вянкі і пускалі іх на ваду, вызначаючы такім чынам свой лёс на замужжа. Існаваў яшчэ і абрад «ваджэння куста», які, як і ўсе сёмушныя ўрачыстасці, меў аграрны і сямейна-шлюбны змест. Дзяўчыну ўпрыгожвалі галінкамі («маем»), і дзявочы гурт абыходзіў двары з песнямі. Лічылі, што гэта спрыяла добраму ўраджаю і замужжу дзяўчат.
У свята забаранялася лаяцца, сварыцца з роднымі і блізкімі, рэзаць, секчы, стрыгчы. На Тройцу не хадзілі на могілкі і не бралі шлюб, не купаліся і не мылі бялізну ў рацэ.
Дождж у вялікае свята разглядалі як абяцанне багатага на ўраджай і грыбы год. Намокнуць пад ім лічылася станощчым знакам. Цёплы святочны дзень абяцаў добры ўраджай агуркоў. Навальніцы не радаваліся: па народнай прымеце за гэтым ішоў дрэнны ўраджай збожжа. Убачыць вясёлку значыла набыць здароўе і багацце ў будучыні. Калі на Тройцу густа цвіце рабіна, то ўродзяць лён і авёс.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
