Пинск/ПВ/ 7 мая адзначаецца Аўсееў дзень. У праваслаўным царкоўным календары гэта час ушанавання памяці святых мучанікаў Неона, Еўсевія, Лявонція, Лонгіна, якія пакутавалі за веру і погляды ў перыяд ганенняў на хрысціян.
Верылі: тыя, хто нарадзіўся на Аўсея, надзелены моцным здароўем і дарам перамагаць зло.
Лічылі, што да 7 мая трэба было скончыць сеў аўса: «Аўсей – аўсы адсей». Казалі: «Авёс любіць хоць у ваду, ды ў пору».
Сеяць авёс можна было, калі пачынае распускацца бяроза, альбо калі з’яўляюцца крылатыя мурашы, альбо калі з вярбы ляціць пух. Па некаторых прыкметах судзілі і пра будучы ўраджай. Добрым прадвесцем лічылася, калі на Аўсея з’яўляецца шмат камароў.
Каб ураджай аўса ўдаўся на славу, накрывалі спецыяльны «аўсяны стол». На абед гаспадыня дома рыхтавала стравы з даданнем аўса, пачынаючы з хлеба і заканчваючы салодкім печывам. У гэты дзень была зацірка з аўсянай крупой і гароднінай, аўсяныя каша і кісель. Лічылі, што бліны з аўсянай мукі прыцягнуць у хату дастатак. Да стала запрашалі суседзяў, а таксама частавалі беднякоў і вандроўнікаў. А вось няпрошаных гасцей у дом не пускалі – гэта магло наклікаць у сям’ю сваркі і няшчасці. Калі ад іх пазбавіцца не ўдавалася, то потым усе вуглы ў хаце мылі святой вадой.
На Аўсея забаранялася сумаваць – тады ўсё лета будзе бязрадасным. Верылі, што да людзей у гэты дзень чапляецца нудота і гне да зямлі. Чалавек у такім стане не мог зразумець, дзе і што ў яго баліць, быў апатычным і сумным. Каб маета не чаплялася, раніцай на Аўсея ўсе члены сям’і абавязкова выпівалі па тры глыткі святой вады і ёю ж умываліся. Варажылі на жаніха і нявесту, узяўшы ў руку жменю аўса. Калі колькасць зярнят цотная –задуманае здзейсніцца.
Прыкмецілі: калі дзень выдаўся дажджлівым, то на зямлі лепш не працаваць і нічога не садзіць, інакш будзе шмат пустазелля. Залаты захад сонца казаў пра тое, што ў бліжэйшыя дні ападкаў не будзе. Калі каліна яшчэ не зацвіла – не варта сеяць познія яравыя. Калі бяроза ўжо распусцілася, а на вярбе з’явіліся “коцікі” – пара сеяць. Замаразкі 7 мая папярэджвалі аб тым, што яны будуць яшчэ 12 разоў.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
