Народны каляндар: 24 лютага – Аўлас, Уласій, Вялес.
Аўлас – прысвятак у беларускім народным календары, які адзначалі з язычніцкіх часоў (свята Вялеса). Царква прымеркавала да яго дзень хрысціянскага святапакутніка Уласія Севастыйскага, які ў народзе лічыўся апекуном хатняй жывёлы. Таму Аўлас называлі каровіным ці конскім святам, не шануючы якое гаспадар меў небяспеку наклікаць на сваю жывёлу бяду. Казалі: “Аўлас на сыры лас. Ты, Улас, Улас, ты найміся ў нас скату пасвіць! Нашы каровачкі каля дубровачкі, нашы авечкі каля рэчкі, нашы свіначкі каля асіначкі, нашы козачкі каля лозачкі. “Каля Уласа сем маразоў – тры да Уласа, адзін на Уласа і тры пасля Уласа”.
Існаваў звычай: каб цяляты былі тлустыя, а жарабяты паслухмяныя і гадаваліся здаровыя, гаспадыні смажылі каўбасы і пяклі смачныя аладкі.
У гэты дзень жывёлу лепш кармілі, у тым ліку асвечаным у царкве хлебам, прыбяралі ў хляве. Лічылася, што жывёла аддзячыць гаспадарам добрым малаком і шчырай работай.
Зусім не працавалі на конях, але аб’язджалі маладых. Стараліся ездзіць на іх як мага далей, па доўгіх дарогах, каб на лета доўгі радзіў лён. Калі ўпершыню аб’язджалі каня, перад ім не пераходзілі дарогі, бо ён тады ніколі не “выездзіцца”, будзе ўпарты і наравісты.
У некаторых мясцінах гулялі на Валося. Перад заходам сонца старыя клікалі хлопцаў і дзяўчат і прапаноўвалі ім аб’ездзіць жарэбчыка. Дзеля гэтага бралі новыя сані, якімі яшчэ не карысталіся, запрагалі ў іх маладога каня, выводзілі ў поле і там яго ганялі. Язда працягвалася, пакуль жывёла не страчвала сілы ці канчаткова не спынялася. Сані пакідалі ў полі. Калі малады конь ішоў дадому апусціўшы галаву ці зусім адыходзіў ў поле, то гаспадар намагаўся ад яго хутчэй пазбавіцца, бо такая жывёла нічога добрага з сябе не ўяўляла.
Заўважылі: калі ў кабылы ці каровы на Аўласа пануры выгляд – гэта знак, што яна не пражыве года: ці воўк з’есць, ці акалее.
Калі Аўлас супадаў з Масленічным тыднем, тады пра гэтага святога гаварылі: “На Аўласа бяры каўшом масла”.
Прыкмецілі: калі на Уласа шмат снегу, вясной будзе шмат травы. Доўгія ледзяшы прадвяшчалі познюю вясну.
Лічылі, што калі ў гэты дзень растаў снег, то май-травень будзе вельмі зялёным.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Любые рассказы, новости или сообщения мы принимаем через Telegram-бот PinskNews_bot.
Обсудить происшествия, поделиться мнением, получить совет или просто пообщаться с пинчанами можно в нашей Telegram-группе Pinsk Chat. Это место, где жители Пинска делятся новостями, помогают друг другу и обсуждают события города.
