Народны каляндар: як настане верасень – гаспадарам поўна гумно і кішэнь
Лічылі, што з гэтага дня спыняецца ўсякі рост раслін: «З Карнея корань у зямлі не расце, а дубее», «Карнееў дзень на двары, усякі карэньчык у сваёй нары».
Прыкмецілі: куры пачалі ліняць – зіма будзе цёплай.
27 верасня
Узвіжанне (Здзвіжанне). Лічылася, што сонца і прырода «граюць, здзвігаюцца». Па народных павер’ях, 27 верасня выпаўзалі ўсе змеі і збіраліся разам, каб адправіцца на зімовы сон.
Заўважылі: раніцай раптам здарыўся мароз – зіма будзе ранняй.
28 верасня
Гэты дзень называлі рэпарэз, ён замыкаў земляробчы год. Рэпа вельмі шанавалася сялянамі: «Рэпа – мяса, рэж ды еж». З яе раней рабілі заціркі і кашы, запраўкі да страў з мяса і рыбы.
Назіралі за чародамі гусакоў, якія адляталі ў вырай. «Гусакі ляцяць – зіміцу на хвасце цягнуць, снег нясуць».
29 верасня
У гэты дзень займаліся нарыхтоўкай капусты на зіму.
Былі такія прыкметы: калі цёпла і суха, то зіма будзе позняй і мяккай; калі грыміць гром, то зімой будзе вельмі мала снегу; ясная ноч – да трывалай зімы.
30 верасня
Па старадаўняй традыцыі ў гэты дзень належала паплакаць аб родных і блізкіх. Потым моладзь збіралася на вечарыны, дзяўчаты шапталі на каханне, на замужжа.
Заўважылі: калі раніцай гэтага дня пахмурна – надвор’е ў бліжэйшыя дні будзе добрым.
1 кастрычніка
Дзень Арыны. Збіралі і сушылі шыпшыну.
Была такая прыкмета: калі на Арыну жураўлі паляцяць, то на Пакровы трэба чакаць першага марозу.
2 кастрычніка
Пачатак так званай «пчалiнай дзевяцiны», якая доўжылася да 10 кастрычнiка. У гэты час збіралі мёд, ставілі вуллі ў склеп.
Заўважылі: калі вецер з поўдня – будзе добры ўраджай зімовага хлеба на наступны год.
Падрыхтавала Алена БРЫЧ
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.