Народны каляндар: ягадна ў ліпені на ўсякую красу
18 ліпеня
Вечарам гэтага дня выходзілі глядзець на «гулянне» месяца, якое абяцала добрыя ўраджаі.
Былі такія прыкметы: калі месяц вельмі добра бачны, то ў бліжэйшыя дні будзе сухое і добрае надвор’е.
19 ліпеня
У некаторых мясцінах у гэты дзень жанчын не дапускалі ні да якой хатняй працы – усё рабілі мужчыны.
20 ліпеня
Сяляне зубрылі сярпы, рыхтаваліся да жніва, тачылі косы. Так і казалі: «Час прыйшоў у поле спіну гнуць, кланяцца жыту-маці».
Была такая прыкмета: калі ў гэты дзень ідзе дождж, то зацягнецца надоўга і будзе вельмі шкодны для ўраджаю.
21 ліпеня
Пракоп Жніўнік. З яго пачыналася гарачая пара. У некаторых раёнах ужо касілі, праводзілі зажынкі. Людзі лічылі: «Калі на Пракопа чарніцы паспяваюць, то паспела жыта, і багаты ўраджай будзе». Таксама ў гэты дзень актыўна нарыхтоўвалі кармы для жывёл.
Людзі заўважылі: калі пчолы ў гэты дзень кусучыя, будзе засуха.
22 ліпеня
Усёй сям’ёй спрабавалі першыя агуркі. Жанчыны спяшаліся ў лес па чарніцы. Набраўшы іх, рыхтавалі для папраўкі здароўя адмысловую зацірку.
23 ліпеня
Па прычыне з’яўлення вялікай колькасці раскі на вадаёмах гэты дзень называлі Расачнікам. Плывучай вадзяной раслінай кармілі хатнюю птушку, рабілі на яе аснове ўгнаенні. Нашы продкі лічылі, калі шмат раскі, то і год будзе ўдалым.
Былі яшчэ такія прыкметы: днём мухі моцна кусаюцца – вечарам пойдзе дождж; у першай палове дня на небе вясёлка – ідзе пахмурнае і вельмі ветранае надвор’е.
24 ліпеня
На лугі і палі ў гэты дзень звычайна выходзілі ўсёй вёскай. Спяшаліся прыбраць жыта і сабраць сена ў копы, бо надвор’е ў гэты перыяд часта было дажджлівым.
Людзі прыкмецілі: калі сустракаецца шмат павуціння, будзе дождж. Але калі на павуцінні шмат павукоў – бліжэйшае надвор’е будзе сухім. Вялікая колькасць машкары прадвяшчала добры ўраджай грыбоў.
Алена БРЫЧ.
Фота аўтара.
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.