Народны каляндар: верасень – з досвіткам дзень
5 верасня
Гэты дзень лічыўся ўдалым для азімай сяўбы. У лясах часу паспявалі брусніцы і журавіны.
Былі такія прыкметы: калі жураўлі цягнуцца на поўдзень, то зіма прыйдзе рана; калі іх клін ляціць моўчкі і хутка – набліжаецца непагадзь.
6 верасня
У народзе было павер’е, што ў гэты дзень лепш не хадзіць у лес па ягады і грыбы, бо «хто з хаты выходзіць, вяртаецца абпалены і сам сябе не памятае».
Заўважылі: калі 6 верасня ідзе дождж, то восень будзе сухой, а ўраджай наступнага года багатым.
7 верасня
Дзень Баўтрамея. Яго імя рыфмавалі з адпаведнымі аграрнымі працамі: «Прыйшоў Баўтрамей – жыта на зіму сей».
Людзі заўважылі: якое надвор’е 7 верасня, такім яно і ўсю восень будзе.
8 верасня
З гэтым днём нашы продкі звязвалі ўборку аўса: «Адрыян з Наталляй аўсы канчаюць касіць». Па традыцыі людзі выносілі з песнямі з поля ў двор апошні аўсяны сноп. Увечары частаваліся талакном на кіслым малацэ або на вадзе з мёдам і аўсянымі блінамі.
Халодная раніца 8 верасня абяцала раннюю і халодную зіму. Калі да гэтага дня не апала лістота з бярозы і дуба, чакалася суровая зіма.
9 верасня
У гэты дзень збіралі рабіну і каліну. Калі была навальніца, чакалі цёплую восень.
10 верасня
Сяляне спяшаліся прыбраць ураджай перад вераснёвай непагаддзю, вывозілі снапы, складалі хлеб у скірды, таму дзень гэты называлі скірднікам: «Сава скірды зладзіць, на розум наставіць».
11 верасня
Іван Калінавік, Іван Нішчымны (Посны). Па метэаралагічных назіраннях нашых продкаў дзень канчаткова завяршае летнюю пару. Прыбіралі агароды, сушылі і апрацоўвалі лён ды каноплі. Стараліся паболей заараць і засеяць жыта, якое, як разлічвалі, будзе асабліва ўмалотным.
Былі такія прыкметы: калі шпакі доўга не адлятаюць у вырай, восень будзе сухой. Добрае надвор’е прадказвалі і чароды гракоў на небе цёмнымі вечарамі.
Падрыхтавала Алена БРЫЧ
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.