Народны каляндар: У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна
19 верасня
З гэтага часу звычайна надыходзіць пахаладанне — Міхайлаўскія замаразкі.
Былі такія прыкметы: калі гэты дзень цёплы, то зіма таксама будзе цёплай; а вось калі пасля на дрэвах з’явіцца іней, то зімой будзе шмат снегу.
20 верасня
Раней у гэты час пачынаўся гандаль цыбуляй. Ёй прыпісвалі гаючую сілу: «Цыбуля ды лазня ўсім кіруюць», «Цыбуля з часныком родныя браты».
Заўважылі: калі на цыбулі шмат шалупіння, то маразы зімой будуць моцныя.
21 верасня
Багач – свята, якое завяршала сельскагаспадарчы цыкл. Багачом называўся і кошык са збожжам, у сярэдзіну якога ўстаўлялі свечку. З ім сяляне абыходзілі двары, стукалі ў дзверы кожнай хаты, зазіралі нават у гумно. У час абыходу спявалі дажынкавыя і восеньскія песні.
Назіралі на Багача і за жывёлай: калі пасля 21 верасня скаціна імкнецца на пашу вельмі рана, то і зіма будзе ранняй.
22 верасня
Дзень восеньскага раўнадзенства. Віншавалі маладых маці і абавязкова ўшаноўвалі павітух, бо гэты дзень лічылі іх днём.
Былі такія прыкметы: калі 22 верасня не пачалося бабіна лета, то яшчэ доўга не будзе цяплець; калі з вішні не апала лісце, то замаразкі будуць не хутка.
23 верасня
У гэтую пару назапашвалі рабіну, якая пасля першых замаразкаў станавілася саладзейшаю. Яе выкарыстоўвалі таксама ў вясельным абрадзе для аховы жывёлы.
Лічылі: калі на рабіне шмат ягад, то восень будзе вільготнай, а зіма суровай.
24 верасня
У гэты дзень маладыя дзяўчаты збіраліся на Хвядорыны вячоркі – на ігрышчы, жаніхоў выглядаць.
Былі такія прыкметы: калі вавёркі актыўна закапваюць арэхі – хутка надыдуць маразы; калі прайшоў дождж і з’явілася вясёлка – прыйдзе бабіна лета.
25 верасня
Вельмі важная для паляўнічых дата: у апошні раз у годзе можна падстрэліць якога-небудзь звера і вярнуцца дадому са здабычай.
Былі такія прыкметы: калі дрэвы стаяць ужо без лістоты, то зіма будзе ранняй; калі надвор’е сонечнае, то яно будзе ясным яшчэ цэлы тыдзень.
Падрыхтавала Алена Брыч
ЧИТАЙТЕ ТАКЖЕ: Народны каляндар: У верасні адна ягада, дый то горкая рабіна
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.