Народны каляндар: у жніўні і верабей піва варыць
8 жніўня
Звычайна гэты дзень цешыў добрым надвор’ем, таму сяляне стараліся справіцца з усімі палявымі працамі. Таксама хадзілі збіраць гаючыя травы, бо лічылася, што пасля ранішняй расы яны будуць найбольш карыснымі.
Былі такія прыкметы: калі ў капусты ніжнія лісткі вялікія і шырокія, то восень будзе халоднай; калі мурашы будуюць высокія мурашнікі – зіма будзе ранняй і марознай.
9 жніўня
Палікоп, дзень жніва, у які нібыта маланка паліць копы, стагі, будынкі. Лічылі, што ў гэты дзень капуста згортваецца ў качаны: «На полі капусным – качаноў густа».
Заўважылі: калі на рабіне шмат ягад – восень будзе дажджлівай; калі конікі высока скачуць – да яснага і сухога надвор’я.
10 жніўня
Нашы продкі казалі так: «На Прохары-Пармены не ладзь ніякія мены». Маўляў, у гэты дзень абмен падобны да падману. «Змяняй сто рублёў, ні капейкі не застанецца».
Людзі прыкмецілі: калі грушы ўжо паспелі, то восень будзе ранняй; воблакі высока плывуць – надвор’е будзе сухім і ясным.
11 жніўня
Гэты дзень называлі Іван Калінавік, Іван Каліннік. Пачынаўся збор каліны ды журавін.
Была такая прыкмета: калi ранiцай не будзе маразоў, то не будзе іх і ў пачатку верасня. Цёплы Каліннік абяцаў захаванасць ячменяў і аўсоў.
12 жніўня
Дата атрымала назву Сiла, Iван-воін. Калі да гэтага дня паспявалі скончыць жніво, гаварылі, што карысна пачаць сяўбу новага хлеба: «Хто на Сілу жыта пасее – у таго на хлеб надзея». Маліліся Івану-воіну, каб адшукаць скрадзеныя рэчы, коней і каб пакараць злодзеяў.
Людзі заўважылі: калі лётае шмат павуціння, то жнівень будзе сонечным; задуха і шмат насякомых – прадвеснікі дажджлівага надвор’я.
13 жніўня
У гэты дзень гатавалі стравы з рэпай: пірагі, квас, кашу. У дарослых кустоў парэчкі і агрэсту выразалі засохлыя, хворыя і пашкоджаныя галінкі. Таксама 13 жніўня існаваў звычай загавору бараны. Казалі: «Калі не загаворыш барану на Еўдакіма – не дагодзіш каню».
Былі такія прыкметы: пчолы лётаюць над полем з раніцы – надвор’е будзе добрым; дзьме моцны вецер – зіма будзе снежнай.
14 жніўня
У гэты дзень адзначаецца Мядовы Спас – старажытнае свята земляробчага календара, прымеркаванае да часу выспявання садавіны і гародніны. З гэтага дня дазвалялася есцi мёд новага збору. Па народнай традыцыi на Спаса абавязкова дапамагалі ўдовам і сіротам.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.