12.1 C
Пинск
Суббота, 12 июля, 2025
Пiнскi Веснiк
Калейдоскоп

Народны каляндар: у ліпені мужык з касой, баба з сярпом, але ў хаце ладком

Народны каляндар: у ліпені мужык з касой, баба з сярпом, але ў хаце ладком

Народны каляндар: у ліпені мужык з касой, баба з сярпом, але ў хаце ладком 

11 ліпеня

Сяляне рабілі крапіўныя нарыхтоўкі, бо лічылася, што гэта апошні дзень, калі расліна ў гаючай сіле. Гаршчок супу з ёю ставілі перад касцамі і гасцямі. Належала вечарам, пасля працоўнага дня, натапіць лазню і пахвастацца венікам з крапівы, каб пазбавіцца ад бруду на целе.

Былі такія прыкметы: калі клён «плача», то праз некалькі дзён будзе дождж; калі зязюля змоўкла, то зіма будзе ранняй; колькі птушак у небе налічыш, столькі будзе цёплых дзён сёлета.

12 ліпеня

Продкі адзначалі на беразе возера ці ракі свята Пятра і Паўла. Вадзілі карагоды, спявалі песні-пятроўкі. Дзяўчаты ў гэты дзень хадзілі ў лес варажыць на вянках, каталіся з хлопцамі на арэлях, таму ў пятроўскіх песнях шмат шлюбных матываў. «Прыйшоў Пятрок – апаў лісток, прыйдзе Ілля – наробіць гнілля».

Людзі прыкмецілі: калі ў гэты дзень ідзе дождж, то ўвесь сенакос будзе мокрым; калі ж за дажджом хутка стане сонечна, то будзе вельмі добры ўраджай.

13 ліпеня

Гэты дзень лічыўся верхавінай лета, з якой звязвалі шмат працы. Казалі: «Баба б скакала, ды верхавіна лета надышла”.

Былі такія прыкметы: калі раніцай росна, то хутка будуць дажджы; калі жабы грэюцца на сонцы, то набліжаецца моцная спёка; калі зязюля кувае, то лета будзе зацяжным і гарачым, а восень позняй.

14 ліпеня

Летнія Кузьмінкі, свята кавалёў, а таксама жаночае і дзявоцкае свята. У гэты дзень у гародах палолі грады, вырывалі каранёвую гародніну. На пакос прыносілі крупы, пасля працы ссыпалі іх у агульны кацёл і варылі кашу, каб усёй талакой паесці з адзінага чыгуна, а значыць, падзяліцца сілай.

Заўважылі: калі вецер дзьме з захаду, то будзе дождж; калі ў месяца чырванаватае адценне – будзе моцны вецер; калі на дрэвах ужо з’явілася жоўтае лісце – восень будзе ранняй.

15 ліпеня

Дзень ушанавання Берагіні – ахоўніцы сялянства. Казалі, што яна абыходзіць падуладныя ёй тэрыторыі і дапамагае бедным. Жанчыны выносілі святочныя ручнікі, на якіх былі вышытыя знакі расы і нябесных хлябоў. Імі пасля цяжкай працы сяляне выціралі твары.

Былі такія прыкметы: шмат крылатых мурашак – надвор’е будзе дажджлівым; жоўтае лісце на дрэвах – восень будзе ранняй.

16 ліпеня

Дату лічылі нешчаслівай: ніякую справу пачынаць было не варта.

Прыкмецілі: калі ў гэты дзень камары і мошкі круцяцца па коле, гэта абяцала добрае надвор’е на бліжэйшы тыдзень.

17 ліпеня

Завяршаўся працэс выспявання жыта. «На Андрэя азімыя наліліся, а татка-авёс да паловы дарос».

Людзі заўважылі: якое надвор’е 17 ліпеня, такое будзе і 11 жніўня. У гэты дзень, як правіла, ішоў дождж.

Падрыхтавала Алена БРЫЧ.

Фота з адкрытых крыніц.

Похожие новости

Народны каляндар: ліпень косіць і жне, доўга спаць не дае

pv

Народны каляндар: не чакай лета доўгага, маліся за цёплае

pv

Народны каляндар: час касіць ды сена сушыць

pv
ТГ канал