Народны каляндар: снежань сцюжны з зімою дружны
5 снежня
Дзень Пракопа. Усёй вёскай выходзілі на вуліцу растаўляць калы ўздоўж дарог, каб у завею і снегапад падарожнікі маглі лягчэй знайсці шлях.
Лічылі, што менавіта з Пракопа ўсталёўваецца добрае снежнае покрыва, каб ездзіць на санках.
Была такая прыкмета: колькі сёння снегу, столькі вясной травы будзе.
6 снежня
У гэты дзень забаранялася прасці.
Заўважылі: калі цурчанне ў рацэ ледзь чутнае, зіма будзе роўнай, а калі выразнае – быць маразам, завеям.
7 снежня
Кацярынін дзень, КацярынаСанніца. Варажылі, праводзілі гулянні, каталіся на санках.
Лічылі, што кожнаму абавязкова трэба было скаціцца на санках з гары, каб вызваліцца ад душэўнага цяжару, здабыць спакой. У народзе так і казалі: «Кацярынін дзень прыйшоў, катанне прывёў».
Вечарам дзяўчаты пяклі праснакі на адной солі і з’ядалі іх перад тым, як легчы спаць, каб у сне суджаны падаў вады напіцца.
Цёплае надвор’е ў гэты дзень прадказвала добры ўраджай ільну.
8 снежня
Клім халодны.
Была такая прыкмета: калі на дрэвах іней, то будзе добры ўраджай ільну.
9 снежня
Юр’я Зімовы (Юр’еў дзень). Гаспадары аглядалі кароў, падстрыгалі грывы і хвасты коням, а таксама аднімалі ад кабыл жарабят, якіх да вясны ставілі ў асобныя хлявы. Лічылі, што з гэтага дня ваўкі пачынаюць хадзіць зграямі і нападаць на скаціну, бо «Юр’я ўжо дае ваўкам свабоду», таму жывёл нельга было выпускаць на вуліцу.
10 снежня
Прыкмецілі, што ў гэты час рыба рыхтуецца да зімоўкі – хаваецца ў зімавальных ямах і вірах. На нераст ідуць мянтуз, сіг і рапушка. Пачыналася падлёдная лоўля снятка (корушкі).
Заўважылі: калі стаіць марознае надвор’е, то такое яно будзе аж да 18 студзеня.
11 снежня
Лічылі, што калі сойка падасць нейкі знак, то трэба ісці за ёй, бо гэтыя птушкі «будучыню прыадчыняюць і клапоцяцца пра шчасце».
Былі такія прыкметы: калі птушкі сядзяць вельмі нізка на галінах дрэў, то зіма пачне цяплець; калі галалёдзіца, то бліжэйшае надвор’е будзе вельмі сырым.
Падрыхтавала Алена БРЫЧ
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.



