1 C
Пинск
Пятница, 19 декабря, 2025
Пiнскi Веснiк
Калейдоскоп

Народны каляндар: мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты

Народны каляндар: мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багатыНародны каляндар: мароз у снежні і снег вышэй хаты – будзе год тады багаты

12 снежня

Парамон Зорнік. Выходзілі глядзець ранішнюю зару: барвовая – да сцюдзёных вятроў, чырвоная – быць дню яснаму, снежная – чакаць завеяў. Казалі, што ў гэты дзень «ходзіць зіма ў мядзведжым футры, па стрэхах стукае, бабам уставаць загадвае тапіць печ».

Былі такія прыкметы: калі на дварэ мала снегу, то хлеб урадзіцца слаба; калі снег глыбокі, то год будзе добры.

13 снежня

Дзень дзявочых святаў. Варажылі на бліны, крычалі ў калодзеж, бегалі пад вокны слухаць, пра што гавораць у хаце, каб зразумець, як складзецца іх лёс.

Старыя людзі хадзілі слухаць ваду ў студнях: «Ціхая вада – да добрай зімы, шумная – да сцюжы і завеяў».

14 снежня

Дзень Навума. Імкнуліся з гэтага дня вучыць дзяцей грамаце. Казалі, што «Навум наставіць на вум, розуму навучыць».

Заўважылі: калі на небе шмат зор – будзе завея; калі вецер дзьме з поўначы, то ў бліжэйшыя дні будзе вельмі халоднае надвор’е.

15 снежня

Дзень лічылі нешчаслівым, таму не пачыналі нічога важнага.

Прыкмецілі: калі шмат снегу, то будзе багаты сенакос налета; калі дзень непагодлівы, то падобнае надвор’е пратрымаецца да 30 студзеня.

16 снежня

Іван Маўчальнік. Словам у гэты дзень не злоўжывалі. Імкнуліся не толькі менш казаць, але і менш пісаць.

Лічылі: калі ідзе мокры снег і адразу растае, то ўраджай у новым годзе будзе кепскім.

17 снежня

Варварын дзень. Пастухі збіралі «варваршчыну» – традыцыйную плату за сваю працу. Жанчыны ў гэты дзень не пралі. Каб лепш пладзілася жывёла, у некаторых мясцінах ляпілі з цеста галовы, рогі, капыты, вушы і кармілі гэтым скаціну.

Цёплае надвор’е на Варвару прадказвала добры ўраджай ільну на лета.

18 снежня

Дзень Савы. Як і Варварын, лічыўся «бабскім». Не пралі, а таўклі проса, ячмень на куццю, малолі жыта. Казалі так: «Варвара мосціць, Сава цвікі вострыць, а Мікола прыбівае» – маючы на ўвазе паступовае нарастанне маразоў.

Прыкмецілі: калі з коміну ідзе дым уверх роўным слупам, то будзе мароз, а калі віецца ў розныя бакі, то будзе моцны вецер.

Падрыхтавала Алена Брыч

Фота з адкрытых крыніц

🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

Похожие новости

Народны каляндар: звону ў снежні многа – весялейшая дарога

pv

Елка‑невеста — новый праздничный тренд

pv

Народны каляндар: снежань сцюжны з зімою дружны

pv
ТГ канал