Народны каляндар: лістапад зіме сцежку пракладае
31 кастрычніка
Раней на дзень Лукі паўсюль спраўляліся восеньскія вяселлі, шчаслівыя сваты задаволена канстатавалі: «На Лукаша – дзеўка наша».
Прыкмецілі: бледны і каламутны месяц 31 кастрычніка – чакай дажджу або снегу, магчымыя таксама маразы.
Лістапад раней меў старабеларускую назву грудзень (ад слова «груды» «замёрзлая зямля»). Сучаснае беларускае найменне тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў.
Назіранні ў лістападзе накіраваны на стан прыроды, паводзіны жывёлы, птушак, па якіх вызначалі будучае надвор`е. Неба ўсю ноч чыстае, але вакол месяца з`явіліся вялікія кругі – будзе мароз; калі ж кругі гэтыя злёгку пачырванеюць – магчымы нават снегапад з ветрам. Калі дым з коміна падымаецца вертыкальна ўверх, хутка надвор`е наладзіцца.
1 лістапада
Іван, Клеапатра. А ў каталіцкім календары – дзень Усіх Святых, калі адбываецца агульнае памінанне нябожчыкаў. Народная творчасць, абыгрываючы назву гэтай урачыстасці, паведамляе пра змены надвор’я: «Па ўсіх Святых – холад для ўсіх».
У гэты дзень прынята было рэзаць курэй, варыць суп з локшынай, а таксама пячы пірагі з мясам птушкі – курнікі.
2 лістапада
Традыцыйны дзень ушанавання душ продкаў. Наведвалі могілкі, даглядалі пахаванні. Вяртаючыся дадому, заклікалі «дзядоў» сесці за памінальны стол. Абавязкова ставілі так званыя Дзедаўския чарку і міску, куды кожны з прысутных адліваў напоі і адкладаў ежу.
3 лістапада
У гэты дзень чакалі пахаладання, таму лічылася, што не варта адпраўляцца ў далёкі шлях. Калі на Іларыёна выпадаў снег, у наступным годзе чакалі добрага ўраджаю збожжа.
4 лістапада
Ушанаванне Казанскай іконы Божай Маці.
За гэтым днём замацаваліся назіранні. Да Казанскай – не зіма, а пасля – не восень; зранку – дождж, звечара – снег. На Казанскую дождж пойдзе – зіму прывядзе. Выязджай на Казанскую на калёсах, але палазы з сабой прыхапі. Што Казанская пакажа, тое і зіма скажа.
5 лістапада
Якаў дзень. Правяралі конскую збрую, рабілі са скуры гужы (петлі ў хамуце) – таму гэты дзень меў назву гужнікі.
6 лістапада
Надыходзіла пара прасці тканіну, дзяўчаты ладзілі вячоркі. Лістападаўскія ночы цёмныя, таму звычайна ў пярэднім куце хаты стаяла запаленая лучына. Пры яе святле падбіралі для вышывання ніткі, расшывалі пацеркамі ўборы.
Падрыхтавала Алена Брыч
Фота з адкрытых крыніц
🚫 Полная перепечатка текста и фотографий запрещена.
⚠️ Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.

